Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу CBS перад сваёй паездкай у ЗША. На гэтым тыдні ён выступіць на сесіі Генеральнай асамблеі ААН і сустрэнецца з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
Уладзімір Зяленскі апісвае сённяшнія баявыя дзеянні на фронце так: «Цяжкая сітуацыя. Буду абсалютна адкрыты з вамі. Ініцыятыва – у нас, гэта плюс. Гэта вельмі важна. Мы спынілі наступ расейскага акупанта і перайшлі ў наступ. І, нягледзячы на гэта, рух не вельмі хуткі. Але важна, што кожны дзень мы ідзём наперад і вызваляем тэрыторыю».
Журналіст пацікавіўся ў Зяленскага, ці перашкодзіць пагаршэнне надвор’я дзеянням украінскай арміі. Прэзідэнт Украіны заявіў, што дрэннае надворʼе не павінна спыняць ЗСУ:
«Нам трэба максімальна вызваліць нашую тэрыторыю і рухацца наперад, нават калі гэта менш [за паўмілі ці] за сто [ярдаў], мы павінны гэта зрабіць. Мы не можам губляць часу. Забудзьце пра надворʼе і падобнае. У месцах, куды бранятэхнікаю не праехаць, ляцім. Калі мы не ўмеем лётаць, давайце адправім дроны. Мы не павінны даваць Пуціну перадыхнуць».
Адказваючы на пытанне пра атакі дронаў у Расеі, Зяленскі заявіў, што не аддае такіх загадаў, а Украіна выкарыстоўвае зброю ад саюзнікаў толькі на сваёй тэрыторыі. Разам з тым ён заявіў, што Украіна мае права люстэркава адказваць у выпадку, калі Расея наносіць удары па ўкраінскай інфраструктуры.
Аднак інцыдэнты з беспілотнікамі ў РФ паказваюць, што неба расейцаў абароненае не так добра, як яны думаюць, дадаў прэзідэнт Украіны.
На пытанне журналіста, ці можа Зяленскі адмовіцца ад любой часткі Украіны дзеля міру, той адказаў: «Не. Гэта наша тэрыторыя». У тым ліку Крым.
Украінскі прэзідэнт таксама падкрэсліў, што краіне патрэбны сучасныя сістэмы ўзбраення:
«Калі б ва Украіне было дастаткова гэтых сучасных сістэмаў, мы б ужо аднавілі тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Мы б ужо гэта зрабілі. Гэтыя сістэмы існуюць».
Нагадаем: контрнаступ ЗСУ на поўдні пачаўся ў пачатку чэрвеня. Толькі ў жніўні ўкраінскія вайскоўцы канчаткова пераадолелі добра ўмацаваную першую лінію абароны акупантаў і прыступілі да прарыву перадавых пазіцыяў галоўнай лініі («лініі Суравікіна»). У канцы жніўня ЗСУ прарвалі яе прынамсі на адным з участкаў фронту.
Увечары 17 верасня ўкраінскае камандаванне афіцыйна пацвердзіла вызваленне Клішчыеўкі, што каля Бахмуту ў Данецкай вобласці.
Алена Рувіна belsat.eu