Новыя палітвязні, новыя «экстрэмісты» і новыя тэрміны. Рэпрэсіі ў Беларусі 18 жніўня


Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 асобаў. Цяпер у спісе палітзняволеных 1496 прозвішчаў. Пра гэта – у аглядзе «Белсату», прысвечаным чарговым фактам палітычнага пераследу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Engin Akyurt / Pexels

Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў палітвязнямі яшчэ 7 асобаў. У спіс улучаныя Юлія Дзенісевіч, Ганна Шырвель, Мікалай Машарскі, Андрэй Мірашнічэнка, Ягор Захарчук, Анатоль і Івана Багавікі. Цяпер у Беларусі 1496 палітвязняў.

Міхаіл Мякека.
Фота: «Вясна» / Telegram

Жыхара Скідзелю, які вярнуўся з Польшчы, пасадзілі на 6 гадоў за каментары. Такі вырак агучыў суддзя Гарадзенскага абласнога суда Віктар Сянько. Паводле версіі абвінавачвання, Міхаіл Мякека сваімі допісамі ў Telegram-чатах «распальваў варожасць, арганізоўваў групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак, пагражаў гвалтам службовым асобам і паклёпнічаў на Лукашэнку». Мужчына будзе адбываць тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У Камянецкім раёне адбыўся суд над жыхаром Высокага Уладзімірам Прылуцкім, якога абвінавацілі ў пашкоджанні чыгункі каля польскай мяжы. Суддзя Аксана Шкель прызначыла яму 1,5 года калоніі. Паводле версіі следства, сёлета ў красавіку мужчына пашкодзіў чыгуначныя шляхі і сістэму сігналізацыі на ўчастку Берасце – Высока-Літоўск. Прылуцкі віну прызнаў і кампенсаваў нанесеную шкоду.

Журналіст Павел Мажэйка на абвяшчэнні прысуду ў Гарадзенскім судзе. Горадня, Беларусь. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: Белта

Павел Мажэйка абскардзіў прысуд у Вярхоўным судзе. У ліпені журналісту разам з адвакаткаю Юліяй Юргілевіч прызначылі 6 гадоў калоніі за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» нібыта за перадачу звестак «Белсату».

Hавiны
Павел Мажэйка абскарджвае вынесены яму прысуд
2023.08.18 14:57

Палітвязень Сяргей Ціханоўскі чацвёрты год запар сустрэў дзень народзінаў за кратамі. Сёння яму споўнілася 45 гадоў. Палітык адбывае тэрмін у 19,5 года ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская, жонка палітзняволенага, напісала кранальны зварот да яго.

Hавiны
Сёння Сяргею Ціханоўскаму спаўняецца 45 гадоў
2023.08.18 10:52

На палітзняволенага Сцяпана Латыпава ўзмацнілі ціск у турме. Як стала вядома праваабаронцам, гэта адбываецца пра любую публічную ўвагу да яго. Адной з такіх нагодаў стала прысутнасць на публічным мерапрыемстве чалавека ў цішотцы ў падтрымку Сцяпана. Зараз палітвязень утрымліваецца ў адзіночнай камеры. Лісты даходзяць толькі ад сям’і.

Сцяпан Латыпаў.
Фота: Сцяпан Латыпаў / vk.com

Палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі са шпіталя ў турму. У пачатку жніўня ў палітвязню зрабілі планавую аперацыю.

Філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

Слесара з Ваўкавыску затрымалі пяць узброеных сілавікоў. «Злачынства» – рэпост матэрыялу аднаго з незалежных рэсурсаў, якія цяперашнія ўлады лічаць «экстрэмісцкім». На Аляксандра Жука завялі адміністрацыйную справу.

Беларуса Дзяніса Хахлова выдварылі з Расеі ў Беларусь. На радзіме яму пагражае крымінальны пераслед за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Юрыдычна гэта было менавіта выдварэнне, аднак адвакаты называюць гэта «схаванай формай экстрадыцыі, што не адпавядае міжнародным гарантыям правоў чалавека». Мужчыну адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў горадзе Круглае на Магілёўшчыне. Імаверна, бліжэйшым часам яго перавядуць у СІЗА.

Міністэрства ўнутраных справаў абнавіла «спіс экстрэмістаў». У пералік дадалі 32 асобы, у тым ліку генеральную дырэктарку TUT.by Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку Марыну Золатаву. Цяпер у спісе 3178 прозвішчаў.

Hавiны
Улады дадалі палітзняволеных працаўніц TUT.by ў «спіс экстрэмістаў»
2023.08.18 15:55

Акрамя таго, сёння новыя фігуранты з’явіліся ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Туды ўлучылі Telegram-канал «Хрысціянская візія» і старонку ў Facebook «Страна для жизни».

Андрэй Скурко разам з жонкай Паўлінай і сынам Тамашом.
Фота: Паўліна Скурко / Facebook

Колішні кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу «Нашай нівы» Андрэй Скурко выйшаў на волю. Палітвязень цалкам адбыў тэрмін у 2,5 года.

Hавiны
Прызнанне экстрэмісцкімі твораў беларускіх класікаў, затрыманні і суды. Рэпрэсіі 17 жніўня
2023.08.18 00:46

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў