Праваабаронца Вольга Карач заявіла выданню «Зеркало», што не плануе з’язджаць з Літвы «ані пры якіх абставінах», і калі ўлады краіны захочуць ад яе пазбавіцца, то ім давядзецца дэпартаваць яе ў Беларусь.
Кіраўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач пракаментавала рашэнне літоўскіх уладаў адмовіць ёй у палітычным прытулку. Паводле інфармацыі, што распаўсюдзіла праваабаронца, яе прызналі «пагрозаю нацыянальнай бяспецы».
Карач адзначыла, што абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе, і пакуль будуць трываць разборы, яна зможа легальна жыць у краіне. Актывістка не выключае, што працэс зацягнецца на некалькі гадоў. Акрамя таго, у пастанове ўладаў, пазначана, што яна можа атрымаць часовы від на жыхарства.
«Спадзяюся, на маім кейсе мы неяк спынім гэтую вар’яцкую хвалю і дэпартацыі, і прызнанні беларусаў пагрозай для Літоўскай Рэспублікі, бо сітуацыя сапраўды становіцца ўсё больш і больш абсурднай. Літоўскае заканадаўства не прадугледжвае дакладных крытэрыяў таго, што такое пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы. І, на мой погляд, некаторыя асобы ў Літве спрабуюць гэта скарыстаць, каб зрабіць жыццё беларусаў тут максімальна некамфортным і прымусіць зʼязджаць», – мяркуе Карач.
Вольга Карач знаходзіцца ў Літве з сакавіка 2020 года. Яна заявіла, што не пакіне краіну «ані пры якіх абставінах»:
«Я не планую нікуды з’язджаць. Больш за тое, я не планую зʼязджаць ані пры якіх абставінах. Калі Літва хоча мяне нейкім чынам прыбраць, то ёй давядзецца мяне прыбіраць, дэпартуючы ў Беларусь. Іншых варыянтаў у яе няма».
У Беларусі Карач улучаная ў «спіс тэрарыстаў», ейная арганізацыя «Наш дом» названая «экстрэмісцкім фармаваннем».
Спадарыня Вольга ўпэўненая, што «пагрозаю нацыянальнай бяспецы» яе абвесцілі праз дапамогу беларусам, якім таксама адмаўлялі ў палітычным прытулку: «Мы дапамагаем беларусам адбівацца ад гэтых нападак. Выйгралі некалькі судоў і даказалі, што ўсе абвінавачванні беспадстаўныя».
Паводле Карач, ёй адмовілі ў прытулку праз інтэрв’ю з заснавальнікам ЛДПР Уладзімірам Жырыноўскім і ейны ўдзел у канферэнцыях у Расеі, у тым ліку арганізаваных Еўракамісіяй.
У дэпартаменце міграцыі пры міністэрстве ўнутраных спраў Літвы ад каментароў адмовіліся:
«Міграцыйная служба не каментуе канкрэтныя выпадкі надавання прытулку і свае рашэнні».
Сяргей Крот belsat.eu