У Ізраілі адмянілі канферэнцыю да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Прычына – доўгі язык Лукашэнкі


Канферэнцыя «Трагедыя і гераізм на беларускай зямлі – да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», якая планавалася на 27 чэрвеня ў Ізраілі, адменена ў сувязі з апошнімі антысеміцкімі выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта стала вядома «Позірку» з дакладных крыніц.

Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу».
Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

У рамках мерапрыемства, якое павінна было адбыцца ў Музеі яўрэйскага воіна Другой сусветнай вайны імя Хаіма Герцага (Латрун), акрамя канферэнцыі меркавалася цырымонія ўскладання вянкоў да манумента ў памяць аб яўрэях-партызанах і змагарах гета. Завяршыцца мерапрыемства павінна было фуршэтам, азнаямленнем з выставай пра падзеі Другой сусветнай вайны ў Беларусі і экскурсіяй па Музеі яўрэйскага воіна.

Нагадаем, у пятніцу, 14 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка расказваў пра карупцыйную справу, у якой замешаны яго былы памочнік – інспектар па Віцебскай вобласці, экс-міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. Палітык сказаў, што ён «не антысеміт», аднак разам з тым адзначыў, што з трох дзясяткаў чалавек, якія праходзяць па крымінальнай справе, «больш за палову габрэяў».

Антыяўрэйскае выказванне Лукашэнкі паказалі ў вячэрнім эфіры на дзяржтэлеканале «Беларусь 1».

Кіраўнік Еўразійскага бюро МЗС Ізраіля Юваль Фукс падаў ноту пратэсту паслу Беларусі ў Ізраілі з гэтай нагоды.

Hавiны
МЗС Ізраілю назваў словы Лукашэнкі пра габрэяў-карупцыянераў абуральнымі
2024.06.16 16:52

Раней Ізраіль рэагаваў на антысеміцкія закіды Лукашэнкі. Напрыклад, у 2007 годзе ён заявіў, што габрэі ператварылі Бабруйск у свінарнік. Ізраільскія ўлады вельмі рэзка пракаментавалі гэтыя словы, беларускага амбасадара выклікалі ў МЗС для тлумачэнняў.

А ў ліпені 2021 года самаабвешчаны кіраўнік Беларусі заявіў, што « увесь свет кланяецца» габрэям пасля Галакосту і баіцца ім сказаць хоць адно «няправільнае слова». Улады Ізраілю назвалі такія выказванні непрымальнымі і звярнулі ўвагу на іх антысеміцкі характар.

Чарговую антысеміцкую заяву ён зрабіў у снежні 2023 года, сказаўшы, што «армяне ж разумныя людзі! Там жа няма ніводнага габрэя!».

Аналітыка
Антысемітызм, бязвіз і ліст «Хамасу». Якія адносіны ў Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынай
2023.10.17 09:08

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў