Прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ стане новым генеральным сакратаром Паўночнаатлантычнага альянсу (NATO), у арганізацыі ўжо блізкія да ўзгаднення яго кандыдатуры. Пра гэта 18 чэрвеня паведамляе са спасылкай на крыніцы галандскі тэлеканал NOS.
Імя прэмʼер-міністра не ўпершыню гучыць у дыскусіях аб тым, хто ўзначаліць NATO пасля Енса Столтэнберга, чый тэрмін паўнамоцтваў працягваўся ўжо некалькі разоў, але завершыцца канчаткова 1 кастрычніка 2024 года.
Раней ужо паведамлялася, што Марка Рутэ падтрымлівае дзве траціны альянсу, і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама не супраць нідэрландскага генсека.
18 чэрвеня кіраўнік венгерскага ўрада Віктар Орбан заявіў, што і Венгрыя гатова падтрымліваць кандыдатуру Рутэ на пасаду генсека NATO. Супраць выступіла толькі Румынія, чый прэзідэнт Клаўс Ёханіс заявіў аб намеры пазмагацца за пасаду генсека, аднак, па дадзеных NOS, у бліжэйшы час Ёханіс адкліча сваю кандыдатуру. Столтэнберг адазваўся аб Руце як аб «моцным кандыдаце».
Ася Саковіч belsat.eu