Беларускіх прапагандыстаў акрэдытавалі ў Парыж для асвятлення Алімпіяды


Прадстаўнікі беларускіх прапагандысцкіх дзяржаўных СМІ атрымалі ад Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) акрэдытацыю для асвятлення летніх Гульняў-2024 у Парыжы, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У 2024 годзе Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы.
Фота: fattiretours.com

У прыватнасці, у Парыж змогуць паехаць супрацоўнікі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, газеты «Спартыўная панарама», выданні «Прессбол», нацыянальнай спартыўнай кампаніі SPORT5.BY, прэс-службы Беларускай асацыяцыі гімнастыкі і газеты «СБ. Беларусь сёння».

Акрэдытацыя беларускіх дзяржаўных СМІ, як і ў мінулыя гады, праходзіла праз Нацыянальны алімпійскі камітэт краіны.

У БАЖ адзначылі, што ў выніку акрэдытацыю атрымалі два дзяржаўныя прапагандысцкія выданні – БЕЛТА і «СБ. Беларусь сегодня», супрацоўнікі якіх уключаныя ў санкцыйныя спісы ЕЗ за прапаганду нападу Расеі на Украіну.

Больш за тое, некаторыя супрацоўнікі газеты «СБ. Беларусь Сегодня», якую выдае Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі, разам з сілавікамі ўдзельнічалі ў допытах людзей, затрыманых падчас мірных пратэстаў у Беларусі. Кадры допытаў затрыманых, у тым ліку незалежных журналістаў, прапагандысты неаднаразова публікавалі ў інтэрнэце.

Таксама адзначаецца, што прадстаўнікі сайта SPORT5.BY, якія атрымалі акрэдытацыю, – гэта супрацоўнікі тэлеканалу «Беларусь 5», якія маскіруюцца пад працаўнікоў сайта. Тэлеканал належыць Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, якая таксама знаходзіцца пад санкцыямі. Прыналежнасць сайта SPORT5.BY да Белтэлерадыёкампаніі неаднаразова афіцыйна пацвярджалася яе кіраўніцтвам.

Пры гэтым Белтэлерадыёкампанія – гэта вядучы прапагандысцкі рэсурс беларускіх уладаў, які ўвесь час распаўсюджвае антыўкраінскую прапаганду, а таксама дэзынфармацыю пра падзеі ўнутры Беларусі. У апошнія гады гэтая тэлекампанія часта транслюе інтэрв’ю з затрыманымі, у тым ліку незалежнымі журналістамі, запісаныя пад прымусам, адзначылі ў БАЖ.

Тым часам у беларускіх турмах па палітычна матываваных абвінавачаннях знаходзяцца 38 прадстаўнікоў медыясферы. Іх вызваленні патрабуюць ЕЗ і ЗША, міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі.

Многія беларускія журналісты знаходзяцца ў турмах ва ўмовах, параўнальных са катаваннямі: у іх няма сувязі са знешнім светам, іх пазбавілі сустрэч са сваякамі, перадач і нават зносін з адвакатамі.

Нагадаем, Міжнародны алімпійскі камітэт 15 чэрвеня апублікаваў спіс беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якім дазволілі ўдзельнічаць сёлета ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Яны будуць выступаць у індывідуальным нейтральным статуце.

Беларуская бягуння Крысціна Ціманоўская, якая выступае за Польшчу, таксама заваявала пуцёўку на Алімпійскія гульні. Алімпіяда пройдзе ў Парыжы 26 ліпеня – 11 жніўня 2024 года.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў