Жыхару Ірпіня Андрэю расейскія дэсантнікі прысудзілі расстрэл, бо пабачылі ў ягоным пашпарце амерыканскія і нямецкія візы. І, у поўным сэнсе слова, расстралялі. Але яму пашанцавала. Чалавек, які перажыў уласны расстрэл, расказаў у студыі «Белсату», як усё адбывалася.
У Ірпіні Андрэй меў свой бізнес – трымаў гасцявы дом (у 2020-м дапамагаў беларусам). Кажа, што да 5 сакавіка ў горадзе было спакойна, хоць з боку Бучы і Гастомэлю чуліся выбухі. Пастаяльцаў у гасцявым доме ўжо не было, апроч аднаго – былога пастара Паўла, які да апошняга верыў, што «Бог не дапусціць».
Дапусціў. 5 сакавіка падчас бамбавання Ірпіня ў дом трапіў снарад.
«Разбурыў фасады, выбіла ўсе шыбы, у доме зʼявілася такая кутняя скразная дзірка. Першае, што падумаў: усе жывыя, я і мой пастаялец Павел. Другое: нічога не гарыць.
І трэцяе, пра што падумаў: можа, яно і лепш, бо ў такі будынак ніякія акупанты ўжо не заселяцца. Уваходныя дзверы заклінавала, і мы не рызыкнулі выходзіць увечары, бо мінамётныя разлікі былі ўжо недзе побач – небяспечна. Пастанавілі пачакаць да раніцы», – распавядае Андрэй.
З ягоных словаў, а 7:30 да дому падʼехалі пяць БМП. Каля 20 расейскіх салдатаў пачалі займаць абаронную пазіцыю, выкапалі нават акопы. А потым – выбілі нагой дзверы і зайшлі ў дом. Шукалі дакументы, дапытвалі гаспадара і ягонага пастаяльца. У пашпартах Андрэя пабачылі амерыканскую, канадскую і еўрапейскія візы.
«Чамусьці моцна абурыліся штампікам «Франкфурт». Хаця я тлумачыў, што так, я лятаў у Франкфурт, лятаў на Мальту. У маім тэлефоне знайшлі відэа гелікоптараў, што праляталі проста над нашым участкам. І фота майго працаўніка, якога прызвалі ў войска, і ён на фота ў вайсковай форме», – узгадвае Андрэй.
Расейцам хапіла 15 хвілінаў, каб вынесці вердыкт: гаспадара – расстраляць, пастаяльца пакінуць у жывых.
«Я да канца не верыў. Думаў, нейкі жарт! Як гэта – расстраляць? Ну так, чалавек працаваў у міжнародных кампаніях, ездзіў у Еўропу і Амерыку. За што?.. Нас з Паўлам пасадзілі на крэслах у кухні. Яго – на дыстанцыі ад мяне.
І нібыта пайшлі раіцца. Але літаральна праз секундаў 20 чую аўтаматную чаргу, прагучала як звон нейкі, і за долю секунды праз дзверы ў мяне выпусцілі 5 куляў. Кароткай аўтаматнай чаргой…» – расказвае мужчына.
Ці проста пашанцавала, ці нарадзіўся ў кашулі, але пацэліла толькі адна куля – падрапала нагу. Другая адбіла ножку крэсла, яшчэ адна трапіла ў пляшку вады, што стаяла побач, іншая – у кетчуп, што стаяў на паліцы за Андрэем.
«Я быў шакаваны. Выбег з кухні праз іншыя дзверы і пачаў крычаць: «Не страляй!» Расеец здзівіўся: «Ты што, жывы яшчэ?» – «Так, жывы, не страляй. Не будзеш мяне больш расстрэльваць?» – крычу яму. І ў гэты час у холе нашага гасцявога дому было каля 15 ягоных паплечнікаў. І, можа, таму што яны гэта бачылі, ён сказаў, што не будзе страляць», – распавёў Андрэй.
Ён кажа, што гэта былі дэсантнікі, пазначаныя літараю «V», людзі розных нацыянальнасцяў. Сцвярджае, што гэтыя так званыя вайскоўцы абрабавалі не толькі ягоны гасцявы дом, але – увесь квартал.
«Я не ведаю ніводнага вялікага сабакі, якога б яны не застрэлілі. Заходзілі ў двары і забівалі сабакаў на вачах у гаспадароў, а потым рабавалі», – кажа суразмоўца «Белсату».
«Падсумоўваючы, хачу сказаць, што гэта не вайна, гэта нейкае варʼяцтва. І другое: жыццё ва ўмовах гэтага варʼяцтва ўжо нічога не вартае. І тыя метады вайны, што ўжываюць гэтыя людзі, – гэта парушэнне ўсіх правілаў, і гэтыя людзі мусяць потым панесці пакаранне. Калі, вядома, раптам выжывуць у гэтай вайне», – гаворыць Андрэй.
Андрэй звяртаецца да расейцаў і просіць іх не ехаць ваяваць ва Украіну.
«Хлопцы, тыя людзі, якія ўварваліся ў наш дом і ў наш горад, не пабачылі тут бандэраўцаў ці нават псеўдабандэраўцаў – яны пабачылі людзей, якія бароняць сваю краіну і сваю зямлю. Вас тут не чакаюць! І тут не як у Крыме, хлопцы! Не едзьце сюды. Бо неўзабаве пасяўная, і вы можаце стаць проста ўгнаеннем для нашай зямлі!» – папярэджвае расейцаў наш суразмоўца.
Пра тое, што расейскія вайскоўцы паводзяцца як фашысцкія акупанты падчас Другой сусветнай вайны, сведчыла ў жывым эфіры «Белсату» і жыхарка Бучы Вікторыя, якая некалькі дзён таму змагла эвакуявацца з гораду.
«Мне падаецца, што яны ўсе выхаваныя на савецкіх ваенных фільмах, дзе паказвалі, як немцы застрашваюць мясцовае насельніцтва. Менавіта так сябе цяпер паводзяць расейскія салдаты. Ставяцца да людзей неяк пякельна, па-марадзёрску, люта. Яны адбіраюць ежу, ловяць курэй, гусей, забіраюць ваду і рэчы, заходзяць у нашыя дамы, каб выспацца і забраць рэчы», – кажа жанчына.
«Я быццам гляджу фільм пра вайну 1941 года, як паводзіліся фашысцкія акупанты. Дакладна так паводзяцца і расейскія. Такое ўражанне, што ў іхных метадычках былі толькі гэтыя фільмы, а не інфармацыя пра тое, што існуе Жэнеўская канвенцыя ды іншыя дакументы», – дадае.
Пра сітуацыю, што склалася цяпер у Бучы, дазнаецца ад знаёмых, звязацца з якімі вялікая праблема.
«Часам яны выходзяць на сувязь, але для гэтага трэба выйсці на вуліцу ці падняцца на другі паверх, а гэтыя месцы прастрэльваюцца. Яны выходзяць, ловяць сувязь, каб паведаміць родным, што яны жывыя», – расказвае Вікторыя.
Паводле інфармацыі, атрыманай падчас такіх небяспечных сеансаў сувязі, людзей абавязалі насіць белыя павязкі, а пасля 16:00 наагул не выходзіць са сховішчаў, бо расейцы паабяцалі «страляць па ўсіх».
«У мяне ёсць забітыя суседзі, ёсць знаёмыя, якія ляжалі трое ці чацвёра содняў на зямлі, таму што з моргу не маглі выехаць, каб іх забраць. Гэта жахліва, і жыццё мяне да гэтага не рыхтавала. У каго забралі тэлефоны і яны не помняць нумароў сваіх блізкіх, просяць звязацца праз сацсеткі ці іншым чынам. І мы перадаём, што хтосьці жывы і здаровы. Многія мае знаёмыя ў Марыупалі. Адсочваю эвакуацыйныя спісы, і кожная раніца мая пачынаецца з празвону. Пакуль што з 20 знаёмых адказалі толькі двое…» – расказала жанчына.
Падчас эвакуацыі яе ўзялі ў машыну абсалютна незнаёмыя людзі. Яна называе гэта цудам. І моліцца за іхнае жыццё і здароўе…
Паводле кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксея Арэстовіча, ужо зафіксаваныя сотні выпадкаў масавых расстрэлаў расейскімі акупантамі мірных жыхароў. На брыфінгу 17 сакавіка Арэстовіч сцвердзіў, што згвалтаванні і расстрэлы мірных людзей, якія адбываюцца ў гарадах вакол Кіева, набылі масавы характар. Паводле ягоных словаў, колькасць такіх выпадкаў ужо перавысіла сотні. Арэстовіч кваліфікуе гэта як «генацыд РФ супраць Украіны».
ЗК belsat.eu