Былая палітзняволеная, беларуска са швейцарскім грамадзянствам Наталля Хершэ правяла за кратамі 17 месяцаў. Сустракалі Наталлю брат і амбасадарка Швейцарыі.
Цяпер Наталля вяртаецца ў Швейцарыю, паведаміў у сваім Twitter прэзідэнт Швейцарскай Канфедэрацыі Ігнац’ё Кассіс.
«Я рады, што дыпламатычныя намаганні Швейцарыі акупіліся. Мы з пасольствам Швейцарыі ў Беларусі працягваем заклікаць да вызвалення ўсіх арыштаваных за ажыццяўленне палітычных і грамадзянскіх правоў», — дадаў Кассіс.
«Усім дзякую, хто перажываў за мяне», – сказала пасля вызвалення Наталля Хершэ.
Яна ўжо пакінула Беларусь.
Наталля Хершэ 19 верасня 2020 года далучылася да жаночага маршу каля Камароўскага рынку ў Менску, што стала нагодаю для затрымання сілавікамі. Наталля не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала ўцячы, а калі ейныя дзеянні былі спыненыя амапаўцам Сяргеем Кончыкам, яна аказала супраціў: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву. Праз гэта на яе завялі крымінальную справу за супраціў міліцыянту паводле арт. 363 КК РБ.
Да суда Наталлю ўтрымлівалі ў СІЗА ў Жодзіне. 3 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы. 7 снежня 2020 суддзя Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла агучыў вырак – 2 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі прасіў раней дзяржаўны абвінаваўца.
У верасні 2021 года гомельскі суд прыняў рашэнне замяніць Наталлі рэжым на турэмны, які яна адбывала ў турме № 4.
Амбасадарка Швейцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер-Залатухін у лютым прыбыла ў Менск. Яшчэ да прыезду ў Беларусь яна казала, што плануе наведаць у турме Наталлю Хершэ.
МГМ belsat.eu