Наталля Хершэ, якая мае грамадзянства Швейцарыі і Беларусі, прызямлілася ў Цюрыху ў 17:30 па мясцовым часе пасля 17 месяцаў зняволення ў Беларусі. У аэрапорце яе сустрэў намеснік дзяржсакратара МЗС Швейцарыі Ёханэс Мацьясі. Ён падарыў ёй кветкі і шакалад, і павітаў у Швейцарыі.
Пасля прыбыцця ў Цюрых яна дала кароткае інтэрв’ю швейцарскім СМІ па-нямецку. Па словах Наталлі, яна адчувае сябе нармальна і эмацыйна, і фізічна, але плануе прайсці поўнае медыцынскае абследаванне.
Наталля расказала, што перш за ўсё пасля вызвалення, калі прыедзе дадому, яна прыме ванну: «Гэта была мая мара», – распавяла Наталля.
«Я абавязкова вярнуся ў Беларусь, гэта ўсё ж мая радзіма. Але я пакуль дакладна не ведаю, калі менавіта», – сказала былая палітзняволеная.
На пытанне журналістаў аб тым, ці шкадуе яна аб сваім учынку, Наталля адказала: «Ні на адзін працэнт».
Ёханэс Мацьясі падкрэсліў, што ніякай «здзелкі» паміж Беларуссю і Швейцарыяй па выпуску Наталлі Хершэ не было. «Ніякіх умоў Менск не ставіў, і вызваленая жанчына можа ў любы момант уехаць у Беларусь», – сказаў ён.
Раніцай 18 лютага палітзняволеная Наталля Хершэ выйшла на волю пасля 17 месяцаў за кратамі і трох галадовак. Беларуску са швейцарскім грамадзянствам сустракала амбасадарка Швейцарыі і брат Наталлі – Генадзь Касьян.
Наталлю Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 году падчас «жаночага маршу» каля Камароўскага рынку ў Менску. Супраць яе распачалі крымінальную справу за «супраціў супрацоўніку міліцыі» па арт. 363 КК РБ.
Да суду Наталля ўтрымлівалася ў СІЗА ў Жодзіна. 3 снежня 2020 года пачаўся разгляд ейнай крымінальнай справы. 7 снежня суддзя Суда Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла агучыў вырак: 2 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі прасіў раней дзяржабвінаваўца.
У верасні 2021 года гомельскі суд прыняў рашэнне замяніць Наталлі рэжым на турэмны, які яна адбывала ў Турме №4 у Магілёве.
АД belsat.eu