Былая палітзняволеная Наталля Хершэ выйшла на волю пасля 17 месяцаў за кратамі і трох галадовак. Беларуску са швейцарскім грамадзянствам сустракала амбасадарка Швейцарыі і брат Наталлі – Генадзь Касьян.
Генадзь Касьян расказаў «Беласату», што адчуў вялікую радасць, што сястра наогул жывая і што добра трымаецца, хоць згубіла шмат вагі, хоць валасы зусім пасівелі і палова павыпадала. Хоць фізічна Наталля Хершэ пакутавала, яна ў добрым душэўным стане, не згубіла яскравага позірку і здольнасці жартаваць.
«Я ўсё ж такі адчуў: вельмі добра, што я бачу яе жывой, гэта самае асноўнае, – кажа Генадзь. – І што цяпер ужо яна заўсёды будзе са мной, што не будзем разлучацца, ніякая турма не будзе ёй пагражаць».
Наталля сказала, што нічога цяпер не баліць. Генадзь спадзяецца, што ў Швейцарыі яна палекуецца, набярэцца вагі. Цяпер у сястры «галава забітая рознымі планамі». Брату ж было вельмі прыемна папіць з ёй гарбаты і паглядзець, як упершыню за доўгі час яна з’ела цукерку.
Ён адзначае, што Наталля вынесла амаль паўтара года зняволення з годнасцю, не пісала «прашэння аб памілаванні» з прызнаннем віны: «Дай Бог усім зняволеным выйсці з такой годнасцю, як Наталля».
На вызваленне сястры ён заўсёды спадзяваўся, але асаблівая надзея з’явілася тады, калі ў Беларусь прыехала новая амбасадарка Швейцарыі і ўручыла ўладам копіі даверчых лістоў: інтуітыўна адчуваў, што швейцарскія ўлады нешта робяць на найвышэйшым узроўні.
Толькі не чакаў, што ўсё адбудзецца так раптоўна і што яго паставяць перад фактам: праз 15 хвілін едзем забіраць Наталлю. Генадзь кажа, гэта найлепшы падарунак на дзень народзінаў, які ў яго быў пазаўчора. І для Наталлі гэта было нечакана – «як нейкі падарунак з нябёсаў».
Наталля Хершэ 19 верасня 2020 году далучылася да «жаночага маршу» каля Камароўскага рынку ў Менску, што стала нагодай для яе затрымання сілавікамі. Пры затрыманні Наталля не падпарадкавалася патрабаванню байцоў без апазнавальных знакаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала збегчы, а калі яе дзеянні былі спыненыя байцом, як пазней высветлілася, АМАП Сяргеем Кончыкам, яна аказала супраціў: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву. Праз гэта супраць яе распачалі крымінальную справу за «Супраціў супрацоўніку міліцыі» па арт. 363 КК РБ.
Да суду Наталля ўтрымлівалася ў СІЗА ў Жодзіна. 3 снежня 2020 года пачаўся разгляд ейнай крымінальнай справы. 7 снежня суддзя Суда Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла агучыў вырак: 2 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі прасіў раней дзяржабвінаваўца.
У верасні 2021 года гомельскі суд прыняў рашэнне замяніць Наталлі рэжым на турэмны, які яна адбывала ў Турме №4.
АА belsat.eu