Міністэрства юстыцыі Расеі накіравала ў Вярхоўны суд пазоў аб прызнанні экстрэмісцкай арганізацыяй «міжнароднага грамадскага руху ЛГБТ», піша Руская служба ВВС. Суд разгледзіць пазоў 30 лістапада.
З заявы міністэрства можна зразумець, што гаворка не пра канкрэтную арганізацыю, а пра ЛГБТ-супольнасць у цэлым. Пры гэтым аднаполыя адносіны фармальна будуць дазволеныя, але за дэманстрацыю прыналежнасці да ЛГБТ-супольнасці будуць караць, вынікае з логікі ўладаў.
Даслоўна заява, апублікаваная на сайце ведамства, гучыць так:
«У рамках рэалізацыі паўнамоцтваў Мінюсту Расеі ў Вярхоўны Суд РФ пададзены адміністратыўны пазоў аб прызнанні Міжнароднага грамадскага руху ЛГБТ экстрэмісцкім і аб забароне яго дзейнасці на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі».
Мінюст матываваў свой пазоў наступным чынам:
«У дзейнасці ЛГБТ-руху, які функцыянуе на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, у адпаведнасці з артыкулам 1 федэральнага закону «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці« ад 25.07.2002 г. №114-ФЗ выяўленыя розныя прыкметы і праявы экстрэмісцкай накіраванасці, у тым ліку ўзбуджэнне сацыяльнай і рэлігійнай варожасці».
Улады Расеі на працягу дзесяцігоддзяў узмацнялі барацьбу з ЛГБТ-супольнасцю. Год таму ў Расеі быў прыняты закон, які цалкам забараняе «прапаганду нетрадыцыйных сексуальных адносінаў» сярод людзей усіх узростаў, а не толькі сярод непаўналетніх, як гэта было ў Расеі з 2013 года. Акрамя таго, цяпер забароненая «прапаганда змены полу». Пакуль не вядома пра шырокае ўжыванне гэтага закону, аднак сёлета расейскія суды рэзка павялічылі колькасць штрафаў за «гей-прапаганду» сярод непаўналетніх на тэлеканалах і ў іншых СМІ.
У ліпені 2023 года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які забараняе аперацыі, звязаныя з трансгендарным пераходам, адпаведную гарманальную тэрапію, а таксама змену гендарнага маркера ў дакументах. Змена гендарнага маркера – гэта калі ў графе «пол» у пашпарце літару «М» мяняюць на «Ж» ці наадварот. Раней гэта было магчыма пасля праходжання спецыяльнай медычнай камісіі, на якой сексолаг, псіхолаг і псіхіятр ставілі дыягназ «транссэксуалізм».
Калі суд задаволіць цяперашні пазоў, то па-за законам могуць апынуцца любыя ініцыятывы, якія абараняюць ЛГБТ, а ўсе арганізацыі, якія займаюцца гэтай тэматыкай, павінны будуць закрыцца, лічаць у Цэнтры абароны правоў СМІ (прызнаны ў Расеі «замежным агентам»). Акрамя таго, адзначаюць юрысты цэнтру, пад забаронай апынецца сімволіка ЛГБТ, але што менавіта будуць прызнаваць такой – незразумела, паколькі рух ЛГБТ не з’яўляецца зарэгістраванай арганізацыяй і афіцыйнай сімволікі не мае.
У даследчым цэнтры «Сава», які вывучае праблемы антыэкстрэмісцкай палітыкі ў Расеі, лічаць, што забарона ЛГБТ-руху будзе дыскрымінацыйнай мерай, паколькі пазбавіць частку грамадства магчымасці адстойваць свае правы. Пры гэтым забарона руху менавіта як экстрэмісцкай арганізацыі можа прывесці не толькі да пераследу актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў, але і проста людзей, якія адкрыта выказваюць свае погляды – як у адміністратыўным парадку, так і ў крымінальным.
ЛГБТ-актывізм у такім выпадку змогуць прыраўноўваць да дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі, што прадугледжвае тэрміны пазбаўлення свабоды да 10 гадоў для арганізатараў і да шасці гадоў для шараговых удзельнікаў. Акрамя таго, адзначае «Сава», у Дзярждуме ўжо прынятыя ў першым чытанні папраўкі аб крымінальнай адказнасці за «апраўданне і прапаганду экстрэмізму» – калі яны набудуць моц, па гэтым артыкуле змогуць караць за любыя адабральныя выказванні аб ЛГБТ.
У Беларусі таксама рыхтуецца ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці за за прапаганду «нетрадыцыйных» сексуальных адносінаў і «свядомай бяздзетнасці» – Міністэрства ўнутраных справаў падрыхтавала змены ў заканадаўства з мэтай «абароны традыцыйных каштоўнасцяў беларускага грамадства і дзяржавы».
Так, за распаўсюджанне інфармацыі, накіраванай на фармаванне прывабнасці «нетрадыцыйных» сексуальных адносінаў, або інфармацыі, якая можа выклікаць цікавасць да такіх адносінаў, прадугледжаныя штрафы да 200 базавых велічыняў (7400 рублёў).
Марыя Міхалевіч belsat.eu