Выданне The New York Times апублікавала спадарожнікавыя фота намётавага лагеру пад Асіповічамі і дзясяткі аўтамабіляў і аўтобусаў на іх, якія могуць належаць наёмнікам ПВК Вагнэра.
Першыя аўтамабілі з’явіліся на спадарожнікавых здымках у чацвер 13 ліпеня. Цяжкавікі і іншыя аўтамабілі – пікапы і УАЗы – працягнулі прыбываць у суботу і нядзелю. Такія ж аўтамабілі былі заўважаныя на відэазапісах калонаў вагнэраўцаў.
Дакладна падлічыць, якая колькасць вагнэраўцаў прыбыла ў лагер, на здымках немагчыма.
На мінулым тыдні Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што наёмнікі ПВК Вагнэра трэнуюць беларускіх вайскоўцаў. У суботу 15 ліпеня маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла, што буйная калона вагнэраўцаў уехала ў Беларусь і рухаецца ў бок Асіповічаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu