ГУБАЗіК апублікаваў відэа з удзельнікамі гурта «Nizkiz», у якім музыкі гавораць аб сваім удзеле ў пратэстах і пра тое, што «бліжэйшыя пяць гадоў будуць спяваць у месцах пазбаўлення волі».
«Мы, гурт«Nizkiz», выйшлі на вуліцу для ўдзелу ў беспарадках, спявалі песні для пратэстоўцаў, у тым ліку для «Белсату». Цяпер мы будзем спяваць у бліжэйшыя пяць гадоў у месцах пазбаўлення волі. Такія вось правілы», – гаворыць на камеру Аляксандр Ільін.
Відавочна, што Аляксандр Ільін агучваў загадзя падрыхтаваны тэкст, пасля якога яго прымусілі праспяваць на камеру радкі з песні «Правілы».
Нагадваем, што падобныя заявы, зробленыя затрыманымі людзьмі на камеру сілавікоў, трэба разглядаць як словы закладнікаў, якім пагражаюць катаваннямі.
Музыкаў Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшу і Дзмітрыя Халяўкіна затрымалі раніцай 5 студзеня. У сюжэце, які паказалі на дзяржаўным тэлебачанні, прапагандысты сцвярджалі, што «пасля падзеяў 2020 года музыкі пакінулі Беларусь і вось пастанавілі вярнуцца», аднак гэтую інфармацыю зняпраўдзілі праваабаронцы: удзельнікі гурта не з’язджалі з Беларусі пасля 2020 года, яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выязджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вярталіся на радзіму.
8 студзеня суд Ленінскага раёну гораду Магілёва разгледзеў адміністратыўныя справы Сяргея Кульшы і Дзмітрыя Халяўкіна паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Суд над Аляксандрам Ільіным адбыўся 10 студзеня. Пра вынесеныя музыкам прысуды не паведамляецца.
Раман Шавель belsat.eu