Чыноўнікі Мінадукацыі інфармуюць пра абавязковыя элементы школьнай формы ў наступным годзе і анансуюць увядзенне адзінай школьнай формы для ўстановаў адукацыі. Эксперты ў размове з «Белсатам» раней тлумачылі, што такім чынам чыноўнікі вырашылі падтрымаць прадпрыемствы «Беллёгпраму». У бацькоў вакол школьнай формы шмат пытанняў, якія вымушаныя асвятляць у тым ліку і ў дзяржаўных медыях. Гэтак чыноўнікі Мінадукацыі ў «СБ» адказалі на некаторыя пытанні.
Летась Мінадукацыі Беларусі ўвёў у школах першы абавязковы элемент школьнай формы. Сёлета Міністэрства патрабуе ад школаў увесці і другі адзіны элемент. Набываюць адзіны элементу шэраг установаў цэнтралізавана – атрыбуты адзення шыюць дзяржаўныя канцэрны накшталт «Камінтэрну» ці «Беллёгпраму». Вядома, што бацькі нясуць дадатковыя выдаткі, паколькі прадукцыя вытворцаў даражэе. Бацькі часта задаюць пытанне, а які сэнс у адзінай вопратцы і навошта патрэбныя гэтыя атрыбуты.
Ірына Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі на гэтае пытанне фактычна і не адказала.
«Вучні павінныя выконваць дзелавы стыль у адзенні» – менавіта такая фраза гучыць у дзяржаўным школьным стандарце, які працуе з верасня мінулага году. Да пытання падышлі паэтапна і без паспеху. Але няма цвёрдых межаў і пэўных усталёвак. Кожная школа стварае свой індывідуальны вобраз», – тлумачыць Ірына Булаўкіна.
Чыноўніца таксама запэўнівае, што калі вучань прыйшоў у школу без формы, то яго не выдаляць з урокаў, але і ў спакоі не пакінуць.
«Класны кіраўнік ці дырэктар мусяць разабрацца, у чым справа. Вы не паспелі набыць штаны, памыць кашулю ці вырашылі сабатаваць агульнапрынятыя ўстаноўкі? Дрэс-код вучня дакладна прапісаны ў статуце ўстановы і правілах унутранага распарадку. Калі вы наведваеце школу, значыць, прымаеце ўмовы. Вы ж не ідзяце ў оперу ў спартовым гарнітуры».
Таксама чыноўніца кажа, што з часам кожная школа і гімназія павінныя выйсці на адзіную школьную вопратку.
Алена Аляксандрава belsat.eu