У Падляскім ваяводстве службоўцы спынілі цяжкавік, які, паводле дакументаў, мусіў перавозіць пластыкавыя вырабы. У фуры знайшлі 540 тысячаў пачак беларускіх цыгарэтаў, паведамляе Польская падатковая служба. Кіроўцу, грамадзяніна Латвіі, затрымалі.
Груз цяжкавіка спраўдзілі ў вёсцы Будзіска. 52-гадовы кіроўца, грамадзянін Латвіі, паказаў дакументы, згодна з якімі ён перавозіў пластыкавыя вырабы. Падчас дэталёвага правярання высветлілася, што насамрэч у фуры было 520 тысячаў беларускіх цыгарэтаў.
«Калі б гэтыя цыгарэты трапілі на нелегальны рынак, дзяржаўны бюджэт страціў бы амаль 14 млн злотых», – паведамляе Польская падатковая служба.
У эквіваленце гэта $ 3,5 млн.
Супраць кіроўцы распачатая справа, яго затрымалі. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.
У паведамленні адзначаецца, што знайсці кантрабанду дапамог службовы сабака.
Польскія мытнікі рэгулярна выяўляюць беларускія цыгарэты. Напрыклад, у лютым афіцэры знайшлі 241 тысячу пачкаў у таварным цягніку. А ў сакавіку перахапілі кантрабанду цыгарэтаў з Беларусі, якую адправілі паветраным шарам.
Сцяпан Кубік belsat.eu