Сёння ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся і завершыўся разгляд справы музыкі Цімы Беларускіх. Спевака судзілі паводле ч. 1 арт. 328 КК («Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўванне, набыццё, захоўванне, транспартаванне або перасыланне наркотыкаў»). Ціму пакаралі абмежаваннем волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Паседжанне пачалося а 10:30. Хлопец прыехаў у суд з адвакатам. Заходзячы ў будынак, Ціма адмовіўся адказваць на пытанні журналістаў, але сказаў, што «ўсё супер», абаронца дадала, што настрой у іх выдатны.
Ціму Беларускіх прыйшлі падтрымаць сябры і знаёмыя. У судовую залу не пусцілі большую частку незалежных медыяў. Зайшлі ў асноўным толькі сваякі. Афіцыйная прычына – эпідэмічная абстаноўка.
Абараняе Ціму Беларускіх Марыя Колесава-Гудзіліна. Суддзя на працэсе – Святлана Бандарэнка, якая судзіла журналістку Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна ў «справе нуль праміле».
Ціма Беларускіх прызнаў віну, ягоны 25-гадовы сябар Антон Крывецкі таксама. Спевака вінавацяць толькі ў набыцці амфетаміну (падчас асабістага агляду, акрамя 0,4 грама гашышу, у яго знайшлі 0,0375 грама амфетаміну). Крывецкага – у набыцці 1,9 грама гашышу, якія ён захоўваў у гульнявым клубе.
Ціма прызнаўся, што ўпершыню ўжыў наркотыкі ў 16 гадоў – паліў марыхуану ў кампаніі. Агулам звычайна ўжываў марыхуану ў сярэднім два разы на месяц. Раз на год мог ужыць больш цяжкія наркотыкі – гашыш, какаін. Амфетамін ён купляў праз інтэрнэт. Але не ведаў, што гэта амфетамін, бо ён замаўляў какаін. Удакладненне ад Беларускіх: гашыш ён таксама набываў, але пры дапамозе Крывецкага.
Пасля затрымання Ціму пратрымалі ў РУУС некалькі гадзінаў, але пад варту не бралі. Ён раскайваецца і кажа, што на ўтрыманні мае 5-гадовую дачку, ягоная жонка хворая, збіраецца атрымаць інваліднасць і не можа працаваць.
Зачыталі высновы экспертызы: Ціма і Крывецкі не маюць сіндрому алкагольна-наркатычнай залежнасці, у лячэнні патрэбы няма.
Дзяржабвінаваўца запрасіў для Цімы Беларускіх пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі». Антону Крывецкаму – два з паловай гады без накіравання ў папраўчую ўстанову.
«Рэчыва канфіскаваць у даход дзяржавы», – сказаў дзяржабвінаваўца.
Меру стрымання для Крывецкага дзяржабвінаваўца папрасіў змяніць і вызваліць яго ў зале суду.
Ціма Беларускіх сказаў, што кожны дзень думае пра сваю дачку і хоча «паказаць сваю бацькаву любоў ёй максімальна», піша КП.
– Прашу прабачэння і ў блізкіх, і ў прыхільнікаў, яны перажывалі і не разумелі, што адбываецца. Змянілася маё стаўленне да здароўя: я займаюся спортам, амаль не пʼю алкаголь, шмат чытаю.
16 красавіка суд пакараў Ціму Беларускіх і Антона Крывецкага 2 гадамі «хатняй хіміі».
ДР belsat.eu