Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне дыверсантаў на ўкраінскай мяжы. Пра гэта ён паведаміў, выступаючы на агульным сходзе «Белкаапсаюзу».
«Тое, пра што мне даклалі раніцай. Толькі сёння затрымалі некалькі дыверсантаў на ўкраінскай мяжы. З дапамогай дронаў па балотах некаторыя з украінскіх грамадзянаў перапаўзалі на нашую мяжу, перакідвалі выбухоўку для ўчынення дыверсіяў перадусім на тэрыторыі Расеі і Беларусі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў слухачам сходу «Белкаапсаюзу», што «толькі што скончылася контратэрарыстычная аперацыя» (яна была абвешчаная ўчора ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, учора ж увечары з’явілася паведамленне пра яе завяршэнне), якой беларусы, са словаў Лукашэнкі, нібыта і не заўважылі.
«І добра. Гэта не вашая справа. Вы павінны спакойна працаваць і рабіць сваю справу. Толькі што чэкісцкая ваенная аперацыя завяршылася. Затрыманыя былі ўсе дыверсанты. А сярод іх – беларусы», – апавядаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заклікаў удзельнікаў сходу да адзінства і згуртаванасці і заявіў, што большасць беларусаў зразумелі, чаго нельга дапускаць.
«Таму я ўвесь час напружваю органы ўлады: не разнявольвайцеся – згубім краіну», – казаў Лукашэнка.
Раённая газета «Светлае жыццё» паведаміла ўчора ўвечары пра завяршэнне «контратэрарыстычнай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне, са спасылкаю на ўпраўленне КДБ Беларусі ў Гомельскай вобласці.
Маніторынгавая ініцыятыва «Беларускі Гаюн» высветліла ўчора, што ў Лельчыцы прыляталі пяць верталётаў з байцамі сілаў спецыяльных аперацыяў. Эксперты ініцыятывы зазначалі, што сітуацыя не нагадвала на той момант «класічных вучэнняў», хутчэй – пазаштатную сітуацыю.
Паводле заканадаўства, у зоне, дзе здзяйсняецца контратэрарыстычная аперацыя, сілавікі маюць права абмяжоўваць або забараняць рух транспарту і людзей, «бесперашкодна ўваходзіць» у кватэры і арганізацыі, выкарыстоўваць аўтамабілі грамадзянаў «у неадкладных выпадках».
Зміцер Міраш belsat.eu