Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што не паедзе ў Менск не праз адмову ўдзельнічаць у саміце АДКБ, а з увагі на рашэнне «не прысутнічаць на гэтых сустрэчах». Так ён сказаў у парламенце рэспублікі, адказваючы на пытанні дэпутатаў, піша выданне News.am.
Стасункі Арменіі з Арганізацыяй дамовы калектыўнай бяспекі пагоршыліся ў звязку з канфліктам з Азербайджанам. У Ерэване ўпэўненыя, што хаўрусніца Расея мусіла дапамагчы, аднак не зрабіла гэтага.
Раней Арменія адмовілася ладзіць вучэнні АДКБ на сваёй тэрыторыі, адклікала свайго прадстаўніка ў арганізацыі, а прэм’ер-міністр Нікол Пашыньян казаў, што «АДКБ сыходзіць з Арменіі». Напярэдадні стала вядома, што ён не прыедзе ў Менск на саміт арганізацыі 23 лістапада.
Сёння, адказваючы на пытанні дэпутатаў парламента, Пашыньян заявіў:
«Мы не адмовіліся, а пастанавілі не прысутнічаць на гэтых сустрэчах з розных прычынаў. Мы прымаем такія рашэнні дзеля таго, каб даць час сабе і АДКБ падумаць, што рабіць далей».
Кіраўнік урада таксама паўтарыў абвінавачванні ў тым, што «АДКБ, нягледзячы на абавязковыя юрыдычныя абавязанні, не адрэагавала належным чынам на выклікі бяспекі Арменіі», але запэўніў, што краіна пакуль не плануе пакідаць арганізацыю.
Пра адмову ехаць у Менск Пашынян паведаміў Аляксандру Лукашэнку. Той, як сказала ягоная прэс-сакратарка Наталля Эйсмант, паставіўся да гэтага спакойна і «прапанаваў прэм’ер-міністру Арменіі не спяшацца, не прымаць паспешных рашэнняў, а сур’ёзна абдумваць наступныя крокі, якія могуць быць накіраваныя на дэзынтэграцыю».
Сцяпан Кубік belsat.eu