Паводле звестак кампаніі «Ipsos», толькі 2,2 % удзельнікаў рэферэндуму ў Польшчы падтрымліваюць знос агароджы на мяжы з Беларуссю. Адпаведна, 97,8 % мяркуюць, што плот неабходны, перадае агенцтва PAP.
Разам з парламенцкімі выбарамі ў Польшчы адбыўся рэферэндум. Кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» прапанавала грамадзянам адказаць на чатыры пытанні, адно з іх тычылася агароджы на мяжы з Беларуссю.
97,8 % тых, хто ўзяў удзел у рэферэндуме, прагаласавалі за тое, каб плот застаўся. 2,2 % выступілі за ліквідаванне агароджы. Пра гэта сведчыць экзітпол, што кампанія «Ipsos» зладзіла на замову трох польскіх тэлеканалаў: TVP, «Polsat» і TVN.
Акрамя таго, 97,5 % выбарнікаў не падтрымалі продажу дзяржаўных актываў замежным структурам, 96 % выступілі супраць павышэння пенсійнага ўзросту і 98,6 % прагаласавалі супраць прыёму мігрантаў з краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі.
Аднак вынікі рэферэндуму не стануць абавязковымі для выканання, бо ў ім узялі ўдзел толькі 40 % выбарнікаў. Яўка на выбарах склала, паводле экзітполу, 72,9 %. Выбаркам канчатковай лічбы яшчэ не называў, а на 17:00 паводле мясцовага часу яна была 57,54 %.
Сяргей Крот belsat.eu