Сітуацыя з выездам з Беларусі ў краіны Еўрапейскага Звязу застаецца напружанай. Як для прыватных легкавых аўтамабіляў, гэтак і для рэйсавых аўтобусаў.
Паводле звестак беларускага Дзяржаўнага памежнага камітэту станам на 12:00 15 чэрвеня, на мяжы з Латвіяй у пункце пропуску «Грыгароўшчына» чарга легкавікоў складала 40 машын, з Літвой у «Каменным Логу» – 100 і ў «Беняконях» – 70. На беларуска-польскай мяжы ў «Берасці» выезду з Беларусі чакалі 200 легкавых аўтамабіляў. Што датычыць аўтобусаў, то толькі ў «Берасці» іх было два ў чарзе.
Пры гэтым названыя лічбы не адлюстроўваюць часу, колькі можа спатрэбіцца для праходжання мяжы. Гэтак, у тэматычных тэлеграм-чатах людзі паведамляюць, што каб прайсці беларуска-польскую мяжу з абеду 14 чэрвеня ў іх сыходзіла ад 5-9 да 19-22 гадзінаў. Назад можна было праехаць за 12,5 гадзінаў. Рэйсавым аўтобусам у два бакі трэба было прыкладна ад шасці да дзевяці гадзінаў.
На мяжы з Літвой людзі скардзяцца, што машыны прапускаюць нестабільна – то па тры машыны, то па адной за паўгадзіны. У выніку стаяць даводзіцца на выезд з Беларусі ад 4 да 12 гадзінаў. Рэйсавыя аўтобусы гэты шлях прахадзілі за 11-12 гадзінаў, а назад – за 5-7.
У Латвію можна ўехаць за пяць гадзінаў, а назад, як кажуць, можна прамарнаваць і 17.
У чатах людзі сварацца на тых, хто вязе ў Літву прадукты ці цыгарэты, што забаронена і ў выніку зацягвае рух чаргі. Скардзяцца і на тых, хто спрабуе ўехаць без чаргі. А таксама на літоўскія ўлады, якія ўвялі прадуктовыя абмежаванні на ўезд.
Агулам падарожным раяць закладаць на дарогу да 20 гадзін і ў выпадку перасадкі, напрыклад, на самалёт планаваць начоўку ў Вільні, каб не прапусціць рэйс.
Якуб Хруст belsat.eu