Як стала вядома праваабаронцам, на пачатак красавіка медычная частка калоніі была запоўненая асуджанымі з запаленнем лёгкіх або віруснай пнеўманіяй, паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM.
У некаторых вязняў назіраліся ўскладненні.
«На сёння некаторыя з іх шпіталізаваныя ў адну з бабруйскіх больніцаў», – пішуць валанцёры.
Раней праваабаронцы паведамлялі пра пагаршэнне ўмоваў утрымання вязняў у бабруйскай калоніі. Гэтак, напярэдадні зімовага сезону ў сваякоў перасталі прымаць цёплае адзенне. Паводле новых правілаў, асуджаныя мусяць насіць толькі тое, што выдаюць у калоніі, і пры гэтым плаціць за гэтае адзенне. Акрамя таго, у калоніі скарацілі колькасць тэлефонных званкоў і забаранілі набіраць некалькі нумароў за адзін раз.
Пагаршэнне ўмоваў у бабруйскай калоніі звязваюць са зменамі ў кіраўніцтве, што адбыліся праз самагубства асуджанага, здзейсненае ў ліпені 2023 года. Вязень адбываў тэрмін за незаконны збыт наркотыкаў і мог пайсці на такі крок праз невыносныя ўмовы, што стварала для яго адміністрацыя.
Нагадаем, у канцы студзеня праваабаронцы паведамлялі пра магчымую эпідэмію грыпу ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку, дзе адбывае тэрмін Віктар Бабарыка.
Ася Саковіч belsat.eu