Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што ў Менскім абласным судзе ў канцы сакавіка асудзілі ў закрытым рэжыме 39-гадовага менчука Аляксандра Зайцава, якога абвінавацілі ў спробе падпалу лецішча старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы.
Вядома, што Зайцаў затрымліваўся ў лістападзе 2020 года на акцыях пратэсту. Яго судзілі паводле «народнага артыкулу» 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту»). Паводле крымінальнага абвінавачвання, Аляксандр быў затрыманы 22 жніўня 2021 года каля лецішча старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы нібыта за спробу падпалу. Ягоныя дзеянні кваліфікавалі як «акт тэрарызму».
Суддзя Сяргей Епіхаў прызнаў Аляксандра Зайцава вінаватым паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу («Замах на акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў паводле папярэдняй змовы») і пакараў 10 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Суд цягнуўся каля трох тыдняў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя.
РР belsat.eu