Інфляцыя ў Беларусі ў 2024 годзе будзе самай высокай у ЕАЭС і складзе 8 %. ВУП вырасце на 2 % – гэта крыху больш, чым у Расеі, але значна менш, чым у іншых. Такі прагноз зрабіў Еўразійскі банк развіцця. Яшчэ банк распавёў, што будзе з доларам і крэдытамі.
ЕАБР называе перспектывы Беларусі на наступны год «выхадам на траекторыю патэнцыйнага росту». Паводле прагнозу, па выніках 2023 года ВУП складзе 3,9 %. Гэта на 0,1 працэнтны пункт больш, чым анансавалі беларускія ўлады. Але іх аптымізм на 2024 год банк не падзяляе, прагназуючы толькі 2 % росту ВУП. Мінэканомікі паведамляла пра мэты росту на 3,8 %.
Прычынамі росту банк называе ўнутраную палітыку ўладаў (павышэнне заробкаў, палёгку ўмоў крэдытавання) і рост унутранага попыту. Цягне ВУП уніз запаволенне экспарту з-за страты цэнавых пераваг і імпартазамяшчэння ў Расеі. Скончыўся і рост аднаўленчага перыяду, калі Беларусь усё ж знайшла магчымасці гандляваць з улікам санкцый.
У 2025-2026 гадах ЕАБР чакае росту беларускай эканомікі толькі на 1 %. Гэта будзе суправаджацца дэфіцытам працоўнай сілы і ўскладненнем доступу да перадавых тэхналогіяў.
Калі ў лістападзе гадавы рост коштаў склаў 5,4 %, то ў 2024 годзе чакаецца, што інфляцыя вырасце да 8 %. З аднаго боку, на запаволенне інфляцыі будзе працаваць яе зніжэнне ў іншых краінах. Аднак ёсць унутраныя прычыны, якія штурхаюць цэны ўверх. Гэта паслабленне цэнавага рэгулявання, рост унутранага попыту і рэалізацыя цэнавага падстрэшка, які ўтварыўся за перыяд штучнага стрымлівання коштаў.
У 2026 годзе ўсё ж такі чакаецца невялікае зніжэнне інфляцыі да 6,4 %, лічаць аналітыкі ЕАБР.
Стаўка рэфінансавання ў канцы 2024 года складзе 9 – 10 %, лічыць у ЕАБР. Цяпер яе значэнне – 9,5 %.
«Манетарная палітыка працягне арыентавацца на падтрымку эканамічнай актыўнасці», – піша ЕАБР. Гэта значыць значнага росту стаўкі рэфінансавання, а за ёй і падаражання крэдытаў не чакаецца.
Долар у сярэднім у 2024 годзе будзе каштаваць 3,25 рублёў. Паводле звестак Нацбанку, у студзені – лістападзе 2023 года ён каштаваў 2,99 рублёў.
Да 2026 года ЕАБР прагназуе плаўнае зніжэнне курсу беларускага рубля «на фоне нізкіх тэмпаў ВУП і захаванні росту коштаў, які апераджае РФ». У 2026 годзе, на меркаванне экспертаў ЕАБР, долар у Беларусі будзе каштаваць 3,54 рубля.
На фоне партнёраў па ЕАЭС Беларусь выглядае даволі дрэнна. Паводле прагнозу росту ВУП на 2024 год удалося апярэдзіць толькі Расею, якой прагназуюць 1,5%. Эканоміка Казахстану павінна вырасці на 5%, а Таджыкістану – на 7,3%.
Аналітыкі лічаць, што інфляцыя ў Беларусі будзе самай высокай. Крыху менш у Кыргызстане – 7,8%. У Казахстане – 7,1%, а ў Расеі – 5,4%.
Арсен Рудэнка belsat.eu