Азербайджан можа ўварвацца ў Арменію цягам некалькіх тыдняў, аб гэтым паведаміў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у размове з невялікай групай амерыканскіх заканадаўцаў, паведамляе выданне «Politico».
Энтані Блінкен падкрэсліў, што ягонае ведамства адсочвае магчымасць уварвання Азербайджана на тэрыторыю суседняй краіны. Таксама ён адзначыў, што Дзрждэпартамент шукае магчымасці прыцягнуць Азербайджан да адказнасці за ўварванне ягонай краіны ў рэгіён Нагорнага Карабаху ў верасні і не плануе аднаўляць даўнюю дамову, што дазваляла ЗША аказваць ваенную дапамогу Баку.
У размове з заканадаўцамі-дэмакратамі Блінкен адзначыў, што дыпламатычныя перамовы паміж Арменіяй і Азербайджанам працягваюцца.
Выданне таксама прыводзіць словы сябра палаты прадстаўнікоў ЗША Фрэнка Палонэ, які ў сваім акаўнце сацыяльнай сеткі «Х» адзначыў, што «Аліеў рухаецца наперад да сваёй мэты – Захапіць Паўднёвую Арменію», бо «ягоны рэжым узбадзёрыўся пасля таго, як сутыкнуўся з невялікімі наступствамі» за ўварванне ў Нагорны Карабах.
Як вядома, у 2021 годзе Ільхам Аліеў заклікаў Арменію адкрыць Зангезурскі калідор уздоўж яе паўднёвай мяжы, што злучае мацерыковы Азербайджан з эксклавам на памежжы з Турцыяй і Іранам. Ён адзначыў, што калі Ерэван не зробіць гэта добраахвотна, то Азербайджан вырашыць гэтае пытанне сілай. Аліеў таксама сцвярджаў, што рэгіён Зангезур (сёння гэта Сюнікская вобласць Арменіі) і Ірэван (цяперашняя сталіца Арменіі Ерэван) з’яўляюцца гістарычнымі тэрыторыямі Азербайджана.
Нагадаем, 19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, на наступны дзень улады непрызнанай рэспублікі пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну сталі масава эміграваць у Арменію.
Кіраўнік Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэл Шаграманьян 28 верасня пастанавіў зліквідаваць усе «дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі». Рэспубліка спыніць сваё існаванне з 1 студзеня 2024 года.
Генеральны пракурор Азербайджану Кямран Аліеў паведаміў, што ўлады краіны абвясцілі ў міжнародны вышук 300 прадстаўнікоў НКР.
Раман Шавель belsat.eu