Раніцай 14 верасня ў Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, што ў Вільні, адбылася эвакуацыя. Пра гэта «Белсату» паведамілі відавочцы.
Эвакуацыя адбылася праз тое, што на пошту дырэктаркі гімназіі даслалі ліст аб мінаванні будынку. Па інфармацыі нашай крыніцы, падобныя лісты аб мінаванні паступілі яшчэ ў некалькі іншых школаў гораду.
Відавочцы паведамілі, што на месцы прысутнічаюць аўтамабілі паліцыі, а таксама сілавікі ў бронекамізэльках. Усіх дзяцей з будынку навучальнай установы вывелі, унутры працуе паліцыя. Сёння заняткі ў гімназіі адмененыя.
Беларуская гімназія размяшчаецца на вуліцы Sietyno, гэта муніцыпальная бюджэтная ўстанова. Асноўная мова навучання – беларуская, частка прадметаў выкладаецца па-літоўску. У гімназіі вучацца вучні з 1 да 12 класу. Таксама там працуе дашкольная група.
Алена Рувіна belsat.eu