Будучае двухбаковае пагадненне па бяспецы паміж ЗША і Украінай будзе прадугледжваць ваенную дапамогу і падтрымае шлях Кіева ў NATO. Аб гэтым заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, выступаючы 14 траўня ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. Прамую трансляцыю выступу вёў «5 канал».
«Згодна з нашай дзесяцігадовай дамовай, Злучаныя Штаты будуць падтрымліваць абарону і бяспеку Украіны ў шэрагу вельмі важных сфер – ад авіяцыі да СПА, ад дронаў да размініравання », – заявіў Энтані Блінкен.
Пагадненне прадугледжвае, што калі на Украіну нападзе Расея ці іншая краіна, ЗША і Украіна неадкладна пачнуць працу на вышэйшым узроўні для ўзгаднення адказу на пагрозу.
«Наша двухбаковае пагадненне па бяспецы паскорыць нашыя сумесныя намаганні для пабудовы і ўзмацнення абаронна-прамысловага комплексу Украіны, каб вы маглі вырабляць артылерыйскія снарады, боепрыпасы, сродкі СПА і іншае важнае ўзбраенне, неабходнае Украіне», – заявіў Блінкен.
Гэта і іншыя пагадненні па бяспецы, якія Украіна заключае з іншымі краінамі, забяспечаць запрашэнне і ўступленне Украіны ў NATO хутка і плаўна, «калі ўмовы будуць выкананы і ўсе саюзнікі пагодзяцца».
Паводле яго слоў, заходнія саюзнікі Кіева павінны зрабіць яшчэ адзін важны крок – прымусіць Расею заплаціць за аднаўленне і рэканструкцыю Украіны.
«Тое, што Пуцін разбурыў, Расея павінна і абавязана аднавіць. Гэтага патрабуе міжнароднае права. Гэта тое, чаго заслугоўвае ўкраінскі народ. Наш Кангрэс даў нам права арыштоўваць расейскія актывы ў Злучаных Штатах. Мы маем намер іх выкарыстоўваць», – падкрэсліў дыпламат.
Ён таксама адзначыў, што ЗША працуюць з партнёрамі па G7 над тым, каб замарожаныя суверэнныя актывы Расеі былі выкарыстаныя для кампенсацыі страт, «якія працягвае наносіць Пуцін».
«G7 можа разблакаваць мільярды долараў і паслаць магутны сігнал Пуціну, што час не на яго баку», – акцэнтаваў Блінкен.
Раней у адміністрацыі Уладзіміра Зяленскага заявілі аб «дакладных часовых рамках» уступлення Украіны ў НАТА. У прыватнасці, кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак паведаміў, што Кіеў прапануе дакладныя часовыя рамкі для ўступлення ў Альянс, а менавіта – не пазней за ліпень 2028 года.
Ася Саковіч belsat.eu