Зміцер Фурманаў, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, быў затрыманы 29 траўня 2020 года ў Горадні на тым самым пікеце, пасля якога арыштавалі блогера Сяргея Ціханоўскага. Зміцер сядзеў за сталом і збіраў подпісы, калі да яго падбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі і пацягнулі ў бусік на вачах у ягоных бацькоў, якія таксама былі на пікеце.
Фурманава абвінавацілі ў арганізацыі ды рыхтаванні ці актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). Суддзя Вольга Бекушава пакарала гарадзенца двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго накіравалі ў папраўчую калонію № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба. Амаль увесь час у калоніі, пасля пераводу з СІЗА № 1 Горадні, ён правёў у карцары. Падчас зняволення актывіст абвяшчаў галадаванне, шмат часу правёў у штрафным ізалятары.
21 кастрычніка 2021 года Фурманаў выйшаў на волю і ў той самы дзень пакінуў Беларусь. 30 кастрычніка пасля Кіева ён прыехаў у Вільню і сустрэўся са сваёй дзяўчынай Вольгай Каракінай. На Новы год былы палітвязень зрабіў ёй прапанову.
Увесь час, пакуль Зміцер быў за кратамі, Вольга падтрымлівала каханага і рабіла ўсё, каб гучна пра яго нагадваць: выходзіла на пікеты, два разы абвяшчала галадаванне, пісала ў сацсетках і давала інтэрв’ю. Да Дня ўсіх закаханых пара апавяла «Белсату» сваю гісторыю.
Маладзёны пазнаёміліся ў 2018 годзе. Вольга працавала менеджаркай продажаў, а Зміцер – інжынерам у «Горадняаблаўтатрансе». Абодва – раварысты, пазнаёміліся на адной з пакатушак і пасля перасякаліся на веламаршрутах.
«Упершыню я заўважыў Волю, калі ў чаце веласіпедыстаў яна пытала парады, які веласіпед ёй лепей набыць. Я скінуў ёй спасылку на добрыя варыянты», – распавядае Зміцер.
На першае спатканне ён запрасіў Вольгу на канцэрт арганнай музыкі. Прыглядаліся адзін да аднаго, і праз некалькі месяцаў пачалі сустракацца.
Зміцер і Вольга цікавіліся відэаролікамі Сяргея Ціханоўскага. Калі блогер аб’явіў аб наборы ў сваю ініцыятыўную групу для вылучэння ў прэзідэнты, маладзёны вырашылі падаць заяўкі. Змітра зарэгістравалі каардынатарам ініцыятыўнай групы па Горадні, а Вольга стала валанцёркай. Паехалі разам у Менск па рэгістрацыйныя дакументы. Там высветлілася, што ўзніклі праблемы са зборам подпісаў – было шмат памылак.
«Тады я сказаў Сяргею, што трэба ехаць па гарадах, вучыць людзей правільна збіраць подпісы, каб пасля іх прызналі сапраўднымі. Воля паехала з пачкам падпісных аркушаў у Горадню, а я з Сяргеем паехалі па іншых гарадах. На развітанне ў Менску паўжартам сказаў Волі, што еду на фронт, і калі нешта здарыцца, каб яна не хвалявалася – усё будзе добра», – распавядае Зміцер.
Праз 5 дзён яны вярнуліся ў Горадню – 29 траўня, на вялікі пікет для збору подпісаў на Савецкай плошчы. Там пара і пабачылася, але толькі мелькам – трэба было працаваць.
«Я хацеў зрабіць прапанову Волі ўжо ў той дзень, але не атрымалася», – узгадвае Зміцер.
Выкраданне сілавікамі ў цывільным адбылося на вачах бацькоў Змітра. Воля пабегла ў бок, куды панеслі хлопца, але спазнілася – яго ўжо закінулі ў бус.
«На той момант мы думалі, што Дзіму дадуць содні за сустрэчу з Ціханоўскім, калі яму падарылі тапак, і выпусцяць, але апынулася ўсё па-іншаму», – кажа Вольга.
Разам з бацькамі Змітра яна ездзіла па РАУСах, каб даведацца, дзе ён. Пазней высветлілася, што яго і астатніх затрыманых адвезлі ў Менск.
«Я тады не спала двое содняў. Узбуджэнне крымінальнай справы стала нечаканасцю, мы не былі гатовыя да такога. Ён жа проста сядзеў за сталом і збіраў подпісы, цалкам законна, а яго схапілі і завялі крымінальную справу. Гэта было настолькі несправядліва, што мне хацелася аб гэтым крычаць паўсюль. З гэтага моманту я рабіла ўсё, каб выцягнуць Дзіму з-за кратаў, каб максімальна прыцягнуць да гэтага ўвагу», – распавядае Вольга.
І сапраўды, Вольга пачала змагацца за каханага: стаяла з плакатамі з яго выявай падчас пратэстаў у Горадні, пасля пераезду ў Літву – на акцыях салідарнасці ў Вільні. Праз два месяцы пасля затрымання Змітра Вольга разам з яго бацькамі прыехалі да сценаў СІЗА на Валадарскага, дзе ён утрымліваўся. Дзяўчына разам з маці палітвязня, спадарыняй Вольгай, абвесцілі галадаванне і трымалі яго 10 дзён. Іх галоўнае патрабаванне – вызваліць Змітра – выкананае не было, але атрымалася прыцягнуць увагу да гэтай гісторыі. Падтрымаць іх прыходзіла шмат неабыякавых людзей, прыязджала таксама і Святлана Ціханоўская. Улады ж ніяк не адрэагавалі на гэтую акцыю, а адміністрацыя турмы спрабавала перашкодзіць: напрыклад, пафарбавалі лаву, на якой сядзелі галадоўцы, пагражалі адміністратыўнай адказнасцю за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».
«Мы ніколі не заставаліся адныя, заўсёды быў нехта побач. Салідарнасць беларусаў ужо тады праявілася вельмі моцна. Прыносілі ваду, кветкі, гарбату. Мы ўвесь час з кімсьці размаўлялі, таму з такой падтрымкай было лёгка галадаваць», – узгадвае Вольга.
Амаль праз год, у сакавіку 2021-га, дзяўчына галадавала яшчэ раз – у падтрымку каханага, калі Зміцер аб’явіў галадоўку ў СІЗА на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы. Так супала, што ў той час адразу галадавалі некалькі палітвязняў: Зміцер Фурманаў, Ігар Лосік і Ігар Банцэр. Дамогшыся паляпшэння ўмоваў, Зміцер спыніў галадоўку, а ўслед за ім – і Вольга.
«Было незразумела, што там адбываецца, што вымусіла Дзіму пайсці на такі крок. Каб прыцягнуць больш увагі і падтрымаць яго, я аб’явіла галадаванне», – распавядае Вольга.
За ўвесь час за кратамі Зміцер атрымаў каля тысячы лістоў. Разам з тым, ён ведае, што шмат лістоў яму не даходзілі. Былі выпадкі, калі лісты ад Вольгі абразалі. Напрыклад, з аркуша фарматам А4 аддавалі толькі 5 радкоў. Часам давалі акт аб знішчэнні, бо ў лісце нібыта змяшчаліся заклікі да сацыяльнай варожасці. Пераважна абразаліся карцінкі, фотаздымкі.
«На Валадарку і ў Жодзіна практычна нічога не даходзіла. У гарадзенскай турме з ліставаннем спачатку было добра, але з часам і тут сітуацыя пагоршылася. Воля пісала, што чакае, падтрымлівае, кахае мяне і абавязкова дачакаецца. Я, натуральна, пісаў таксама, што кахаю яе, што я выйду, і мы будзем разам, усе цяжкасці часовыя. Прасіў часцей адпачываць і шукаць сабе занятак, каб адцягнуць увагу ад усяго, што адбываецца: ездзіць на ровары, напрыклад. У турме вучыўся практыкаванням і раіў іх Волі ў лістах», – узгадвае Зміцер.
«Я пісала Дзіму, што з такой колькасцю артыкулаў ён – самы сапраўдны беларус», – дадае з усмешкай Вольга.
Яны дасылалі адзін аднаму шмат паштовак, Зміцер падпісваў іх вершамі беларускіх класікаў. Вольга пісала пра іх хатніх жывёлінак – котак і папугаяў, дасылала іх фотаздымкі і малюнкі.
«Воля ўмее прыгожа маляваць. Аднойчы я абмаляваў сваю далонь у лісце, а Воля ў адказ пачала дасылаць такую прыгажосць», – кажа Зміцер.
У верасні 2020 Вольга была вымушаная з’ехаць за мяжу ад магчымага крымінальнага пераследу. 13 верасня дзяўчыну затрымалі на маршы ў Горадні. Пасля гэтага пачалі выклікаць у пракуратуру, тэлефанаваў следчы і спрабаваў запрасіць на размову. Даслалі позву. Вольга з’ехала ў Вільню праз гуманітарны калідор.
«Такое рашэнне далося няпроста, мучыла сумленне. Але моцна паўплывалі мае родныя, мама і сястра. Яны казалі: лепей заставайся на волі, але за мяжой, чым тут, але ў турме», – узгадвае Вольга.
Пра сваё рашэнне яна напісала ў лісце Змітру. Ён падтрымаў яе.
«У матэрыялах справы фігуравала Воля, таму я разумеў, што ёй варта шукаць бяспечнае месца, бо праз яе могуць паспрабаваць дакапацца да мяне. Пасля на судзе ўключалі аўдыязапісы нашых з ёй тэлефонных размоваў, дзе мы абмяркоўвалі, дзе і як правільна, законна збіраць подпісы. То бок нічога такога, але следства палічыла гэта доказам злачынства», – кажа Зміцер.
Паўтара года Вольга і Зміцер падтрымлівалі сувязь толькі праз лісты. Вольга адпраўляла іх наўпрост або праз сэрвіс письмо.бел і «Письма в клеточку». Зміцер адпраўляў лісты на хатні адрас Вольгі, а ейная маці фатаграфавала і адпраўляла дачцэ праз інтэрнэт.
Дзень, калі Зміцер выйшаў на волю, стаў сапраўдным святам для ягоных родных і для Вольгі. Усе да апошняга моманту сумняваліся, што гэта адбудзецца.
«Я была шчаслівая – нарэшце Дзіма на волі. Першы сазвон праз відэасувязь быў вельмі ўзрушлівым, проста да слёз», – прыгадвае Вольга.
Да прылёту ў Вільню 30 кастрычніка яны тыдзень камунікавалі праз відэасувязь. Вольга рыхтавала сустрэчу ў аэрапорце – ёй хацелася зрабіць для каханага сапраўднае свята, нешта асаблівае. Далучылася шмат людзей – малявалі плакаты, рыхтавалі балонікі. У аэрапорце Вольга чакала Змітра з плакатам «Мой герой». Калі ён нарэшце прыляцеў, Вольга кінулася да яго і пад крыкі «Воля!», «Дзіма!» і «Жыве Беларусь!» яны доўга не адпускалі адзін аднаго з абдымкаў.
Свой першы супольны дзень яны правялі ў размовах з журналістамі – Зміцер даваў каментары і інтэрв’ю медыям.
Маладзёны пачалі абжывацца разам, Зміцер аднаўляўся пасля зняволення. Падчас святкавання Новага года хлопец, стаўшы на адно калена, зрабіў Вользе прапанову стаць ягонай жонкай. Яна пагадзілася.
«Калі я выйшаў на волю, то ўжо ведаў, што буду рабіць Волі прапанову. Але не ведаў, калі. Вырашыў, што Новы год – найлепшы час для гэтага», – кажа Зміцер.
«Прапанова атрымалася вельмі нечаканай», – узгадвае Вольга.
Цяпер яны чакаюць рашэнне на сваю заяву аб атрыманні статусу ўцекачоў. Пасля гэтага збіраюцца пайсці ў ЗАГС.
«Вяселле не будзе пышным. Зробім сціпла, для сябе і блізкіх. Вельмі хочам, каб да нас прыехалі бацькі. Дзіма паспеў пабачыць сваіх бацькоў пасля вызвалення толькі чатыры гадзіны – па дарозе ад Віцебску да Менску. Але з візамі ў Літву цяпер складана. Можа, да лета штосьці зменіцца», – кажа Вольга.
«Мы наогул спадзяемся, што вернемся ў Беларусь і зробім вяселле там, – дадае Зміцер. – Рана ці позна мы вернемся ў наш горад, без варыянтаў».
Пара здымае пакой у Вільні. З імі жыве кот – Вольга ўзяла яго на ператрымку, і ў выніку ён застаўся жыць у яе. Каб аднавіцца пасля зняволення, Зміцер прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, робіць руханку. Маладзёны праводзяць час разам, ходзяць на акцыі салідарнасці з Беларуссю, пішуць лісты беларускім палітвязням.
«Самае галоўнае – гэта тое, што мы разам, можам жыць і радавацца таму, што ёсць цяпер. Што будзе ў будучыні, цяжка планаваць», – падсумавала Вольга.
СП, belsat.eu