Міністр замежных справаў РБ Сяргей Алейнік заявіў 12 лістапада ў інтэрв’ю прапагандысцкаму каналу ОНТ, што Беларусь гатовая да дыялогу з Польшчай, але «гэты дыялог мусіць… ажыццяўляцца без якіх-кольвек папярэдніх умоваў».
«Гэты дыялог мусіць насіць выключна ўзаемапаважлівы характар і ажыццяўляцца без якіх-кольвек папярэдніх умоваў», – сказаў Сяргей Алейнік.
Ён заявіў, што польскі бок ведае пра гатовасць да дыялогу ўладаў Беларусі, якія «не былі ініцыятарамі пагаршэння стасункаў».
«Мы вымушаныя былі рэагаваць на шматлікія, я б нават сказаў, сістэмныя недружалюбныя крокі з боку польскіх уладаў у дачыненні Беларусі.
Мы заўсёды выступалі і працягваем выступаць за дыялог. Мы заўсёды зыходзілі і зыходзім з неабходнасці захавання прынцыпаў добрасуседства… Мы праз свае каналы перадавалі гэтыя паведамленні ў нашай камунікацыі з МЗС Польшчы», – завіў кіраўнік МЗС Беларусі.
Алейнік згадаў таксама пра нядаўнія парламенцкія выбары ў Польшчы і заўважыў, што кіраўніцтва Беларусі чакае фармавання новага польскага ўраду, каб паглядзець, куды «новы ўрад нас выведзе ў нашых стасунках».
Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні 11 лістапада з нагоды Дня Незалежнасці Польшчы выказваў спадзевы, што пасля парламенцкіх выбараў Польшча зможа наладзіць з ім стасункі, і прасіў «разгледзіць працягнутую Беларуссю сяброўскую руку супрацы».
Польшча і ЕЗ неаднаразова патрабавалі ад Менску вызвалення палітвязня і журналіста Анджэя Пачобута, які быў асуджаны лукашэнкаўскім рэжымам на 8 гадоў калоніі з палітычных прычынаў. Польшча, краіны ЕЗ, міжнародныя арганізацыі неаднакроць заклікалі Лукашэнку вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі, якія чыніць ягоны рэжым з 2020 года. Ніводная з палітычных партыяў, што маюць стварыць новы польскі ўрад, ніколі не выказвала сімпатыяў да дзеянняў Пуціна і Лукашэнкі. Яны выступаюць за дэмакратычную і незалежную Беларусь.
Зміцер Міраш belsat.eu