Міністры абароны 14 чальцоў NATO і Фінляндыі дамовіліся стварыць агульную сістэму супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, паведамляецца на сайце Паўночнаатлантычнага альянсу. Ініцыятыву прасоўвае Нямеччына.
У Бруселі кіраўнікі Мінабароны 14 чальцоў NATO, а таксама Фінляндыі, якая хутка стане ўдзельніцай арганізацыі, пагадзіліся стварыць сістэму супрацьпаветранай абароны, якую назвалі «Нябесны шчыт». Еўрапейскія краіны разам закупяць неабходнае абсталяванне і ракеты. Гэта дазволіць узмацніць супрацьпаветраную абарону, упэўненыя ў альянсе.
Намеснік генеральнага сакратара NATO Мірча Джоанэ (Dan Mircea Geoană) зазначыў, што ініцыятыва, якую прасоўвае Нямеччына, вельмі важная цяпер, калі Расея наносіць бязлітасныя ўдары па Украіне, забіваючы цывільных і руйнуючы інфраструктуру.
«Новыя сродкі, цалкам сумяшчальныя і лёгка інтэгравальныя ў супрацьпаветраную абарону NATO, істотна ўзмоцняць нашую магчымасць абараняць альянс ад усіх паветраных і ракетных пагроз», – заявіў Джоанэ.
Дамову падпісалі Бельгія, Балгарыя, Чэхія, Эстонія, Нямеччына, Вугоршчына, Латвія, Літва, Нідэрланды, Нарвегія, Славаччына, Славенія, Румынія і Вялікая Брытанія.
Напярэдадні сустрэчы міністраў абароны генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг распавёў журналістам, што альянс мае намер павялічыць падтрыманне Украіны, а таксама ўзмацніць абарону саюзнікаў.
Сяргей Крот belsat.eu