На Маскоўскай біржы, якая трапіла пад санкцыі ЗША, прыпынілі гандляванні з доларам ЗША, ганконгскім доларам і еўрам. Цэнтрабанк суседняй краіны пастанавіў вызначаць афіцыйны курс гэтых валютаў паводле небіржавых паказнікаў. «Белсат» спытаў у эканамісткі Настассі Лузгіной, ці будзе гэты курс рынкавым і як санкцыі супраць Маскоўскай біржы могуць паўплываць на беларускі рубель.
12 чэрвеня ЗША абвесцілі пра новыя санкцыі супраць Расеі. У пераліку – каля 300 юрыдычных асобаў, прычым не толькі расейскіх, але і замежных, якія дапамагалі Крамлю абыходзіць раней уведзеныя рэстрыкцыі.
У новым пакеце апынулася Маскоўская біржа – аналаг Беларускай валютна-фондавай біржы. У выніку гандлявання на іх рэгулятары вызначаюць курс нацыянальнай валюты.
Банк Расеі паведаміў, што з увагі на санкцыі Маскоўская біржа спыняе гандляванні з амерыканскім (а таксама гон-конгаўскім) доларам і еўрам.
«Для вызначэння афіцыйных курсаў Банк Расеі будзе выкарыстоўваць банкаўскую справаздачнасць і звесткі лічбавых платформаў пазабіржавых гандляванняў», – праінфармаваў расейскі Цэнтрабанк.
Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», што рэгулятар суседняй краіны мяняе крыніцу статыстыкі, паводле якой вызначае курс расейскага рубля да іншых валютаў, і гэты курс, упэўненая экспертка, застанецца рынкавым:
«Цэнтральны банк Расеі прытрымліваецца рынкавага курсаўтварэння, такі ж прынцып працы цяпер і ў Нацбанку Беларусі. Гэтая немагчымасць гандляваць на біржы не азначае, што Банк Расеі цяпер зменіць сам рэжым курсаўтварэння. Змяняюцца толькі крыніцы, адкуль будуць брацца звесткі».
Акрамя таго, у рэгулятара засталася магчымасць змякчаць рэзкія ваганні курсу расейскага рубля, толькі раней ён прыходзіў з валютаю (або рублямі) на біржу, то цяпер панясе грошы на пазабіржавы рынак.
Рынак не любіць санкцыяў і заўсёды на іх рэагуе. Вось і цяпер, як кажа Лузгіна, расейскі рубель (а следам – і беларускі) патаннее, бо кожны раз пасля новых абмежаванняў узнікае нервовасць. Эканамістка, зрэшты, мяркуе, што гэта кароткачасовая з’ява, пакуль удзельнікі рынку не пабачаць, як у новых умовах будзе дзеяць расейскі рэгулятар:
«Гэта не шок, гэта больш нервовасць. Удзельнікі валютнага рынку да канца не разумеюць, як будзе вызначацца курс, таму хтосьці, хто хацеў прадаць валюту, можа яе прытрымаць, а тыя, хто не хацеў купляць, захочуць купіць яе на ўсялякі выпадак. Таму ў кароткатэрміновым перыядзе магчымае пэўнае зніжэнне расейскага рубля да долара і еўра. Адпаведна, такая ж тэндэнцыя будзе назірацца і ў дачыненні беларускага рубля да долара і еўра».
Паводле курсу Нацбанку Беларусі долар сёння каштуе 3,1888 рубля, еўра – 3,4288 рубля, 100 расейскіх рублёў – 3,5789 беларускага. На біржы долар каштуе 3,1948 рубля, а еўра – 3,4350 рубля, гэтыя валюты растуць на 0,2 %. Крыху даражэе і расейскі рубель, на 0,05 %.
Сцяпан Кубік belsat.eu