Улады Ірана яшчэ не прынялі канчатковага рашэння атакаваць Ізраіль, піша выданне The Wall Street Journal, спасылаючыся на свае крыніцы, якія маюць кантакт з кіраўніцтвам краіны. Але ў той жа час займаюцца перамяшчэннем зброі на тэрыторыі сваёй краіны, што пацвярджае іхныя намеры пра атаку.
«У той час як планы атакаваць Ізраіль абмяркоўваюцца, фінальнае рашэнне яшчэ не прынятае», – адзначаецца ў публікацыі выдання.
У той жа час Злучаныя Штаты назіраюць перамяшчэнне ракет і БПЛА ўнутры Ірана, што толькі пацвярджае ацэнку таго, што войскі краіны збіраюцца атакаваць Ізраіль са сваёй тэрыторыію, піша CNN.
У пятніцу 12 красавіка прэзідэнт ЗША Джо Байдэн засцярог Іран ад таго, каб наносіць удар па Ізраілю. «Не рабіце гэтага», – падкрэсліў ён, звяртаючыся да Ірана.
«Мы адданыя справе абароны Ізраілю. Мы будзем падтрымліваць Ізраіль. Мы дапаможам абараніць Ізраіль, і Іран не дасягне поспеху», – сказаў Байдэн.
Узброеныя сілы ЗША перамясцілі свае сілы на Блізкі Усход, каб падрыхтавацца да нападу Ірану на Ізраіль, які чакаўся яшчэ ў пятніцу 12 красавіка.
Нагадаем, 1 красавіка быў нанесены авіяўдар па будынку консульства Ірану ў Дамаску. У выніку загінулі сем чальцоў іранскага Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), у тым ліку высокапастаўлены брыгадны генерал Магамад Рэза Загэдзі і ягоны намеснік, генерал Магамад Гадзі Хаджы Рагімі. Агулам ахвярамі атакі зрабіліся 13 чалавек.
Ізраіль афіцыйна не ўзяў на сябе адказнасці за авіяўдар, аднак ні ў каго няма сумневаў у тым, што гэта праца Цагалю. Тэгеран публічна паабяцаў пакараць Ізраіль. Некаторыя медыі паведамлялі, што спецслужбы чакалі нанясення іранскага ўдару яшчэ на мінулым тыдні.
Раман Шавель belsat.eu