Стала вядома, колькі будзе каштаваць аднаўленне абʼектаў энергетычнай інфраструктуры Украіны – каля 7,5 мільярдаў грыўняў (каля $ 203 мільёнаў). Аб гэтым заявіў прэмʼер-міністр краіны Дзяніс Шмыгаль, паведамляе яго афіцыйны тэлеграм-канал.
Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што на аднаўленне працы пашкоджаных ЦЭС і ЦЭЦ трэба больш за 2,5 мільярды грыўняў (каля $ 68 млн). Яшчэ каля 5 мільярдаў ($135 млн) спатрэбіцца на ўвядзенне ў строй аб’ектаў аператараў сістэмы размеркавання электраэнергіі.
Паводле Шмыгаля, за час вайны пашкоджана больш за 400 аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ў сферы электра- і цеплазабеспячэння.
Дзяніс Шмыгаль таксама паведаміў, што планавыя адключэнні электраэнергіі ва Украіне працягнуцца. Падача цяпла распачата амаль на 70% абʼектаў краіны і «гэта лічба ўвесь час павялічваецца». Пры гэтым прэм’ер-міністр заклікаў мясцовыя ўлады рыхтаваць разгалінаваную сетку пунктаў абагрэву.
Антон Тачняк belsat.eu