Міжнародная канферэнцыя «Ялцінская еўрапейская стратэгія» прайшла ў Кіеве 11 верасня. Адной з тэмаў на ёй стаў беларускі крызіс. У канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі офісу Святланы Ціханоўскай.
У канферэнцыі прымалі ўдзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, міністр замежных справаў Украіны Зміцер Кулеба, былы прэм’ер-міністр Швецыі Карл Більдт, экс-дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан, былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі, экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, аналітык Фарыд Закарыя, гісторык Ніл Фергюсон і іншыя.
Офіс Святланы Ціханоўскай прадстаўляў дарадца беларускай лідаркі Франак Вячорка.
«Падчас канферэнцыі мы правялі шэраг кансультацыяў з палітычнымі групамі, міністэрствам замежных справаў Украіны і Адміністрацыяй прэзідэнта. У прыватнасці, размаўлялі пра нявыдачу беларусаў і асабістых дадзеных нашых суайчыннікаў КДБ Лукашэнкі, спыненне палітычнай і эканамічнай супрацы з рэжымам і санкцыі, Усходняе партнёрства і супрацу ў міжнародных арганізацыях, – распавёў Вячорка пра вынікі канферэнцыі. – На канферэнцыі я пазнаёміўся з дэпутатамі партыі «Слуга Народа», украінскімі палітыкамі Паўлам Клімкіным, Уладзімірам Гройсманам, Арсенам Авакавым. Апошнія месяцы мы актыўна будуем кантакты на палітычным і дыпламатычным узроўні і чакаем ад Украіны больш рашучых дзеянняў».
У дыскусіі, прысвечанай Беларусі, узялi ўдзел намеснік міністра замежных справаў Васіль Боднар, былы міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, эканаміст Андэрс Ослунд, беларуская журналістка і экспертка Ганна Любакова, амбасадар Джон Хербст з Atlantic Council.
Асноўныя высновы датычна Беларусі, паводле Франака Вячоркі:
– дэмакратычныя змены ў Беларусі выгадныя ўсім суседзям, і ў першую чаргу – Украіне;
– без сыходу Лукашэнкі вырашэнне крызісу немагчымае;
– адна з галоўных небяспек для Беларусі – страта незалежнасці праз дзеянні рэжыму;
– санкцыі на рэжым неабходныя, і гэты ціск павінен быць скаардынаваны.
Ялцінская еўрапейская стратэгія – міжнародная штогадовая канферэнцыя ўкраінскіх і замежных палітыкаў і прадпрымальнікаў. Мэта – спрыянне развіццю Украіны і падтрымка ейных еўраінтэграцыйных памкненняў.
ГГ, belsat.eu