Распачаўся завочны суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам


У Гомельскім абласным судзе 12 чэрвеня пачынаецца завочны суд над юрыстам, праваабаронцам і былым палітвязнем Леанідам Судаленкам, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка.
Фота: Андрэй Стрыжак / Facebook

Новая крымінальная справа супраць праваабаронцы ў фармаце спецыяльнага вядзення была пачатая ў лістападзе 2023 года. Леаніда абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Справу прызначаны разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў.

Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 года і асуджаны на тры гады пазбаўлення волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

21 ліпеня 2023 года праваабаронца выйшаў на волю і адразу з’ехаў з Беларусі.

Леанід Судаленка – вядомы праваабаронца і юрыст, былы кіраўнік гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтру «Вясна». Пакінуўшы Беларусь, ён адразу заявіў, што скіруе сваю дзейнасць на хутчэйшае вызваленне беларускіх палітвязняў.

Апошнім часам у Беларусі праводзіцца ўсё больш завочных судоў у рамках так званага спецыяльнага вядзення. 31 траўня ў Менскім гарадскім судзе распачаўся самы масавы такі працэс – у справе «аналітыкаў Ціханоўскай», у якой праходзяць адразу 20 чалавек.

Каментар
Франак Вячорка пра завочны суд над сабой: «Абвінавачаннямі можна толькі ганарыцца»
2024.04.11 16:28

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў