Літоўцы абіраюць, хто будзе займаць пасаду прэзідэнта наступныя пяць гадоў, 12 траўня. Усяго ўдзельнічаюць восем кандыдатаў. Паралельна праходзіць рэферэндум аб магчымасці атрымання падвойнага грамадзянства.
Выбарчыя ўчасткі працуюць з 7:00 да 20:00. Першыя вынікі павінны быць агучаны ноччу 13 мая. У выпадку, калі ніхто не атрымае большасці галасоў, будзе праведзены другі тур галасавання. Туды пройдуць два найбольш папулярныя кандыдаты.
Паводле звестак Галоўвыбаркаму Літвы, да 15:00 прагаласавала крыху больш за 43 % выбаршчыкаў.
Галоўным прэтэндэнтам на перамогу з’яўляецца дзейны прэзідэнт Літвы, 59-гадовы Гітанас Наўседа. Паводле апытанняў, якія праводзіліся ў канцы лютага – пачатку сакавіка, 44,4 % рэспандэнтаў заявілі, што будуць галасаваць за Наўседу. У пачатку красавіка так адказалі 35,2 %, аднак яго падтрымка значна большая, чым у іншых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.
Калі казаць пра пазіцыі кандыдатаў адносна вонкавай палітыкі, то большасць выступае за падтрымку Украіны, умацаванне NATO і больш цесную супрацу з партнёрамі па ЕЗ.
Гітанас Наўседа адзначаў, што Літве нельга мець ніякіх стасункаў з Расеяй, якая зʼяўляецца агрэсарам, а таксама з Беларуссю, якая цалкам залежыць ад Расеі. Наўседа прыхільнік узмацнення эканамічнага, палітычнага і культурнага ціску і ізаляцыі Беларусі і Расеі.
Ён таксама выступаў за раўнаванне нацыянальных санкцыі супраць расейцаў і беларусаў, якія цяпер больш абмяжоўваюць расейцаў. Аднак Сейм Літвы выступіў супраць. Наўседа прыняў пазіцыю Сейма, аднак даў зразумець, што незадаволены такім рашэннем.
Арсен Рудэнка belsat.eu