Рада Еўропы вітае новыя санкцыі супраць Беларусі і заклікае да забеспячэння іх поўнага выканання


На пасяджэнні 27 чэрвеня Рада Еўропы прыняла высновы ў пытаннях Украіны, Блізкіга Усходу, бяспекі і абароны ды іншых. У кантэксце вайны ва Украіне гаворка таксама ішла пра Беларусь і новыя санкцыйныя абмежаванні ў дачыненні яе.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: CMG

Рада Еўропы вітае прыняцце 14-га пакету санкцыяў супраць Расеі і пагадненне аб далейшых абмежавальных захадах супраць Беларусі і заклікае да поўнага і эфектыўнага забеспячэння выканання гэтых санкцыяў і супрацьдзеяння іх абыходу, у тым ліку праз трэція краіны.

«Еўразвяз па-ранейшаму гатовы яшчэ больш абмежаваць здольнасць Расеі весці вайну і заклікае ўсе краіны не падтрымліваць матэрыяльна ці неяк інакш захопніцкую вайну Расеі», – гаворыцца ў высновах, апублікаваных на сайце Рады Еўропы.

Акрамя санкцыяў, на пасяджэнні абмяркоўвалася пытанне лёсу ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расею і Беларусь. Рада Еўропы заклікала беларускія і расейскія ўлады вярнуць дзяцей дадому.

«Еўразвяз па-ранейшаму глыбока занепакоены лёсам усіх украінскіх дзяцей і іншых цывільных асобаў, незаконна дэпартаваных і перапраўленых у Расею і Беларусь. Рада Еўропы зноў заклікае гэтыя краіны неадкладна здзейсніць іх бяспечнае вяртанне ва Украіну», – гаворыцца ў дакуменце.

Рада Еўропы таксама зазначыла, што вітае ініцыятывы дапамогі ўкраінскім дзецям вярнуцца дадому, у свае сем’і, у тым ліку Міжнародную кааліцыю за вяртанне ўкраінскіх дзяцей, у якой Еўразвяз цяпер мае статус назіральніка.

Hавiны
Нямеччына і Францыя дамагліся змякчэння новых санкцый ЕЗ супраць Менску
2024.06.27 13:43

26 чэрвеня амбасадары краінаў Еўразвязу пры Еўрапейскай радзе ўзгаднілі новы пакет санкцыяў у дачыненні Беларусі.

«Гэты пакет узмоцніць нашыя захады ў адказ на ўварванне Расеі ва Украіну, у тым ліку барацьбу з абыходам санкцыяў», – паведаміла бельгійскае старшынства ў ЕЗ.

Еўрапейскі Звяз увёў санкцыі супраць Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ) і персанальна яго першага сакратара Аляксандра Лук’янава, холдынгу «БелОМА» і яго генеральнага дырэктара Аляксандра Мароза, а таксама дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава.

Аднак «не ўдалося дасягнуць пагаднення  наконт поўнай забароны на экспарт з ЕЗ транспартавых сродкаў», супраць гэтага выступіў Берлін. Нямеччына і «некаторыя іншыя краіны-экспарцёры» вымусілі Еўразвяз аслабіць новы пакет санкцыяў супраць Менску.

Hавiны
Еўразвяз прыняў 14-ы пакет санкцыяў супраць Расеі і адразу пачаў працаваць над новым
2024.06.24 13:05

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў