У расейскім Белгарадзе з-пад завалаў падʼезда, які абрынуўся раніцай 12 траўня, дасталі целы двух загінулых. Пра гэта паведамляе губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.
Абвальванне адбылося ў выніку выбуху. У Міністэрстве аховы здароўя Расеі пацвердзілі шпіталізацыю 17 пацярпелых, у «надзвычайны службах» кажуць пра 20.
«Удзельнікі тэрытарыяльнай самаабароны прайшліся па кватэрах бліжэйшых двух падʼездаў з аднаго і другога боку дому. Усе людзі пераселены. Тыя, у каго ёсць неабходнасць, адпраўленыя ў пункты часовага размяшчэння.
Ратавальнікамі, супрацоўнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўнікамі зараз разгортваецца ўстаноўка дадатковага асвятлення – у вячэрні і начны перыяд часу работы па разбору завалаў будуць працягнутыя.
Пад заваламі, магчыма, застаюцца людзі. Ратавальнікі робяць усё, каб выратаваць ім жыццё. З-пад завалаў дасталі дваіх загінулых. Асобы высвятляюцца», – піша Вячаслаў Гладкоў.
Пазней МНС Расеі паведаміла пра 6 загінулых.
Расейскія ўлады заявілі, што выбух адбыўся праз абстрэл жылых кварталаў Белгараду ЗСУ. У Кіеве гэта афіцыйна не каментавалі.
Кіраўнік украінскага Цэнтру процідзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэй Каваленка заявіў, што шматпавярховік альбо ўзарвалі, альбо гэта быў бытавы выбух:
«Цалкам падобна на правакацыю Расеі ці інфармацыйную прадукцыю з раздзіманнем сітуацыі для апраўдання далейшых удараў па жылых дамах украінскіх гарадоў».
Ён адзначае, што на відэа выбуху не відаць якіх-небудзь абʼектаў, якія падаюць на дом. Таксама выбух быў унізе дому.
Арсен Рудэнка belsat.eu