У шведскім Мальмё адбыўся фінал «Еўрабачання» – бадай, самага скандальнага за ўсю гісторыю конкурсу. Галасаванне нацыянальных журы і гледачоў прынесла перамогу Швейцарыі.
Конкурс суправаджалі прапалестынскія пратэсты, на якіх актывісты выступалі супраць Ізраілю і патрабавалі адхіліць гэтую краіну ад шоу. У дзень фіналу на такім мітынгу затрымалі вядомую экаактывістку Грэту Тунберг.
Прэтэнзіі да прадстаўніцы Ізраілю Эдэн Галян былі і ва Украіне: медыі падкрэслівалі, што спявачка жыла ў Расеі і выступала ў акупаваным Крыме. І, хоць з’ехала з Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, нападу не асудзіла.
Упершыню ў гісторыі конкурсу аднаго з удзельнікаў адхілілі ад фіналу – арганізатары абвінавацілі прадстаўніка Нідэрландаў Ёўста Клейна ў канфлікце з жанчынаю са здымачнай групы.
«Мы прытрымліваемся палітыкі абсалютнай нецярпімасці да неналежных паводзінаў на нашай імпрэзе і намагаемся запэўніць бяспечныя і спакойныя працоўныя абставіны для ўсіх працаўнікоў конкурсу. У святле гэтага паводзіны Ёўста Клейна ў дачыненні чальца каманды лічыцца парушэннем правілаў», – адзначылі арганізатары.
Паведамляецца таксама, што на музыку паскардзіліся ў паліцыю.
Адхіленне Клейна абурыла гледачоў, якія двойчы асвісталі супервайзера «Еўрабачання» Марціна Эстэрдаля, калі ён традыцыйна перад абвяшчэннем вынікаў запэўніваў, што галасы падлічаныя і верыфікаваныя. Другі раз публіка паказала незадавальненне, калі Эстэрдаль агучыў вынікі галасавання журы ў Нідэрландах – прадстаўнік гэтай краіны не з’явіўся ў эфіры, як астатнія.
У тройцы лідараў у выніку галасавання нацыянальных журы былі Швейцарыя, Францыя і Харватыя. Украіна была толькі на пятым месцы. Калі да гэтых балаў дадалі галасы гледачоў, у топе апынуліся:
Швейцарыю рэпрэзентавалі Nemo – яны вызначаюць сябе небінарнаю асобаю. Наўпрост на сцэне пасля пераможнага выступу ў канцы шоу музыка разбілі ўзнагароду, шкляны мікрафон. Давялося ўручаць запасны.
Упершыню на «Еўрабачанні» перамагла небінарная асоба. На прэс-канферэнцыі Nemo сказалі, што адчулі гонар не толькі за сябе, але і за ўсю супольнасць небінарных людзей, якія, як спадзяецца артыст, зазнаюць спагаду і паразуменне.
І хаця Швейцарыя атрымала бальшыню балаў ад журы, гледачы аддалі перавагу Харватыі, прадстаўнік якой Марка Пурышыч (Baby Lasagna) быў адным з галоўных фаварытаў. Яму налічылі 337 балаў, тады як Nemo – 226. Украіне, якую рэпрэзентаваў дуэт Alyona Alyona і Jerry Heil, гледачы далі 307 балаў. Прадстаўніцы Ізраілю глядацкае галасаванне прынесла 323 балы.
Швейцарыя трэці раз перамагла на «Еўрабачанні» пасля поспеху на першай імпрэзе ў 1956 і ў 1988 годзе, калі першае месца заняла Сэлін Д’ён.
Сцяпан Кубік belsat.eu