Грамадзянін Польшчы Марцін Мікалаек, які папрасіў прытулку ў Беларусі, абвінавачаны ў Польшчы ва ўхваленні агрэсіўнай вайны і злачынстваў ва Украіне. Пра гэта паведаміў прадстаўнік міністра – каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын.
Каментуючы інцыдэнт з прарасейскім актывістам Марцінам Мікалаекам, які папрасіў прытулку ў Беларусі, Станіслаў Жарын адзначыў, што мужчына не адзін год праводзіў дзейнасць, узгодненую з крамлёўскай прапагандай. Ён рабіў, у прыватнасці, публікацыі антыўкраінскага зместу.
У сувязі з гэтым Агенцтва ўнутранай бяспекі накіравала ў акружную пракуратуру ў Сьвідніцы паведамленне пра магчымае злачынства. Пракуратура пачала расследаванне і выставіла Мікалаеку абвінавачанні ва ўхваленні агрэсіўнай вайны і злачынстваў, учыненых супраць украінскага насельніцтва паводле нацыянальнай прыкметы. Абвінавачанні грамадзяніну Польшчы агучылі яшчэ 31 траўня.
«У Польшчы няма і не можа быць згоды на тое, каб пляскаць у далоні злачынным дзеянням Расеі супраць Украіны», – рэзюмуе Станіслаў Жарын.
Ва Украіне Марцін Мікалаек уключаны ў базу праекту «Міратворац» як «антыўкраінскі прапагандыст». Мікалаек 8 чэрвеня прыехаў у Беларусь і на наступны дзень даў інтэрв’ю прапагандысцкаму каналу «Беларусь 1», у якім расказаў пра «русафобію ў Польшчы», пра адсутнасць там свабоды слова. Таксама ён папрасіў палітычнага прытулку, бо на радзіме на яго завялі крымінальную справу за публікацыі ў падтрыманне «спецыяльнай ваеннай аперацыі».
ЗК belsat.eu