У пачатку поўнамаштабнага ўварвання, 1 сакавіка 2022 года, беларускія вялікагрузныя самазвалы заступілі шлях расtйскай арміі на шляху ў Крывы Рог. Самазваламі перакрылі ўезд у горад на Мікалаеўскай трасе. Як гэта было і колькі «БелАЗаў» спатрэбілася, каб спыніць расейскія войскі – распавядае наш калега з «Вот Так» Андрэй Якавін.
«Мне патэлефанаваў начальнік мой, кажа: “Вадзік, так. Запраўляй поўны бак, машына на забой”. Я так знерваваўся, я табе кажу, кашмар», – успамінае Вадзім Школьны.
Ён – карэнны крыварожац, усё жыццё працуе на беларускіх прамысловых самазвалах. Пачынаў на 100-тонных, з пераходам на пенсію перасеў на 30-тонны. Кажа, 1 сакавіка 2022 года запомніць на ўсё жыццё. У той дзень ён ехаў ратаваць свой родны горад ад калоны расейскай арміі, якая прарывалася з боку Мікалаеўскай вобласці.
«У мяне тады аж мурашкі па скуры ішлі. Трошкі баяўся, вядома, але кіраўніцтва з намі было пастаянна, яны ззаду ішлі, а мы спераду. Колькі змаглі, мы працягнулі, колькі нам дазволілі ЗСУ. У ярку сталі. Усе хлопцы. З бакаў салярку зліць, колы спусціць, усё, хлопцы, вы вольныя, дзякуй вам. 100-тонны туды б не дайшоў. Там толькі адно выйсце, “саракачы” (40-тонныя грузавікі — рэд.) і мая малая. Да кучы сабралі ўсё. Добра, што не падпалілі», – кажа кіроўца «БелАЗу» Вадзім Школьны.
Сем метраў у даўжыню, тры з паловай у шырыню, каля чатырох у вышыню. Важыць амаль 30 тонаў. Гэтая машына – самая малая з сямейства «БелАЗ». У наступным годзе ёй споўніцца 30 гадоў. Вадзім распавядае, што ў канцы працоўнай змены ў яго ёсць традыцыя. У той дзень, кажа, думаў, што цалуе яе ў апошні раз. Але самы маленькі «БелАЗ» выратаваў вялікі Крыўбас. Злучаныя паміж сабой самазвалы спынілі калону. Машыны заблакавалі праезд па трасе да чэрвеня 2022 года.
Месца перакрыцця дарогі было абрана не выпадкова. Гэта раён вёскі Макараўка на мяжы Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласцей. Тут вузкі ўчастак дарогі, а вакол багністая мясцовасць. Атрымліваецца, што беларускія самазвалы і ўкраінскае балота спынілі калону расейскай тэхнікі.
З палкоўнікам Нацыянальнай гвардыі Украіны мы выехалі на месца, дзе стаялі «БелАЗы». Аляксандр Піскун – ветэран абароны Лісічанска ў 2015-м, атрымаў там раненне. У сакавіку 2022-га быў у складзе Рады абароны Крывога Рогу. Распавядае, што абаронцы горада былі дасведчаныя аб планах расейцаў. Таму захопнікі даехалі да мяжы Днепрапятроўскай вобласці, маючы значныя страты. Частка расейскай калоны ЗСУ разбілі з верталётаў у раёне Баштанкі і Новага Бугу Мікалаеўскай вобласці.
«Нашы героі-лётчыкі большую частку калоны разбамбавалі, другая частка калоны ўсё ж пайшла далей. Скажам так, галоўны дазор кацапскі дайшоў сюды. Але ўбачыўшы, што праходу няма… За нас тады было і надвор’е. Маразоў не было, было мокра, дажджы былі. Па зямлі нельга было ехаць», − кажа палкоўнік Піскун.
Атакамі з паветра па калоне расейскай арміі Савет абароны Крывога Рогу выйграў час. Пакуль украінскія лётчыкі бамбавалі тэхніку, было прынята рашэнне, што заступаць шлях рэштках калоны будуць тым, з чым асацыюецца Крыўбас − гіганцкай прамысловай тэхнікай.
«БелАЗы» прастаялі на Мікалаеўскай трасе чатыры месяцы. Пяць з шасці машын былі эвакуяваныя спецтранспартам. «БелАЗ» Вадзіма выстаяў у сутычцы з расейскім войскам. Пасля ўсіх падзей ён завёўся і даехаў да роднага кар’еру.
«З шасці машын мая толькі дзяўчынка сваім ходам дайшла. Мы з начальнікам падзавіхаліся. Тры ці чатыры гадзіны мы з ёй завіхаліся. То там пабегла, то там пабегла. Зрабілі, і сваім ходам», – кажа Вадзім Школьны.
Крыварожскія горна-ўзбагачальныя камбінаты – ГУКі – выкарыстоўваюць беларускія самазвалы ў якасці асноўнай вялікагрузнай тэхнікі для перавозкі руды. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Крывы Рог разарваў больш чым паўвекавыя адносіны з беларускім горадам-пабрацімам Жодзіна, дзе выпускаюць «БелАЗы».
«На працягу больш чым 50 гадоў адным з самых ключавых партнёраў для Крывога Рога быў горад Жодзіна ў Беларусі. Але ў выніку палітыкі Лукашэнкі мы цалкам перапынілі стасункі з гэтым горадам. Сесія гарсавета разарвала партнёрскія адносіны з Жодзінам, нашы прадпрыемствы спынілі кантракты на пастаўку абсталявання з Беларусі. У выніку Беларусь страціла дзясяткі мільёнаў долараў, якія мы давалі гэтаму гораду», – каментуе наступствы вайны для беларуска-ўкраінскіх стасункаў віцэ-мэр Крывога Рогу Сяргей Мілюцін.
Старыя машыны, якія цяпер працуюць у кар’ерах, стануць «донарамі» для «БелАЗаў» больш новых. Новыя самазвалы крыварожскія ГУКі плануюць закупляць у японскіх і амерыканскіх вытворцаў вялікагрузнай тэхнікі.
Андрэй Якавін, Віктар Ляўчук / АБ, «Вот Так»