Паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Расеі ва Уральскай федэральнай акрузе Уладзімір Якушаў заявіў, што Казахстан павінен быў узгадняць з Расеяй скід вады з вадасховішчаў. Пра гэта паведамляе Orda.kz са спасылкай на эфір РБК.
Уладзімір Якушаў, кажучы пра паводкі ў расейскіх рэгіёнах, у прыватнасці, у Курганскай і Цюменскай вобласцях, заявіў, што на ўзровень «вялікай вады» ў гэтых раёнах паўплываў скід вады з вадасховішчаў, размешчаных у суседнім Казахстане.
«Калі мы кажам пра Курганскую і Цюменскую вобласці, трэба ўлічваць такі фактар, як сістэму вадасховішчаў, якія на тэрыторыі суседняга Казахстану. Калі ў нас вось такія зімы і калі ў нас дастаткова вялікая колькасць снегу, і ў вадасховішчы збіраецца дастаткова вялікі запас вады, то нам ёсць у гэтым плане што адпрацаваць з нашымі калегамі, каб скід з вадасховішчаў гэтай вады быў больш узгоднены, правільны і больш роўны. Ёсць тут яшчэ момант, над чым працаваць. Калі мы тут падкарэктуем, то такіх праблемаў можна пазбегнуць», – сказаў чыноўнік.
Тым часам у сакавіку на расейскай платформе RuTube быў выкладзены фільм «Асабісты вораг караля. Казахстанскі залом» аўтарства Андрэя Лугавога – былога супрацоўніка КДБ і дэпутата Дзяржаўнай думы РФ, якога падазраюць у атручванні палоніем у Лондане Аляксандра Літвіненкі. У сваёй стужцы палітык параўнаў Казахстан з Украінай і заявіў, што насамрэч рэспубліка «кіруецца англасаксамі». Паводле яго, Казахстан – краіна, «дзе ўсё часцей праяўляецца русафобія».
Гэта далёка не першы выпад пракрамлёўскай прапаганды на адрас Казахстану, адзначае «Настоящее время». Тэма «русафобіі» Астаны рэгулярна ўзнімаецца на дзяржтэлеканалах у Расеі. Часам нават даходзіць да заклікаў «вярнуць Расеі «гістарычныя землі» Паўночнага Казахстану.
Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў 6 красавіка звярнуўся да народу краіны ў сувязі з цяжкай сітуацыяй з прычыны паводак. Надзвычайнае становішча абвешчанае ў 10 з 17 вобласцяў краіны.
Моцная паводка назіраецца і ў суседніх з Казахстанам вобласцях Расеі. Там прарвала дамбу на рацэ Урал. Вядома, што ёсць загінулыя.
Якуб Хруст belsat.eu