Сусветны банк чакае, што эканоміка Беларусі сёлета вырасце на 0,8 працэнта. Гэта значна ніжэй, чым рост сусветнай эканомікі ў цэлым, і чым аналітыкі прагназавалі для нашай краіны паўгода таму. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Перспектывы сусветнай эканомікі», піша zerkalo.io.
Па ацэнках аналітыкаў Сусветнага банку, эканамічны рост Беларусі ў 2024 і 2025 гадах будзе на ўзроўні 0,8%. Гэтыя адзнакі на 0,6 і 0,5 адсоткавага пункта ніжэй, чым структура давала ў чэрвені мінулага гады.
У выпадку рэалізацыі такога прагнозу можна казаць, што сёлета беларуская эканоміка ўваходзіць у перыяд стагнацыі.
У 2023 годзе, паводле звестак Сусветнага банку, ВУП у нашай краіне вырас на 3%. Гэта ніжэй, чым быў фактычны рост эканомікі паводле вынікаў адзінаццаці месяцаў. Дадзеныя за год пакуль не апублікаваны.
Аўтары даклада адзначаюць запаволенне эканамічнага росту ў сусветнай эканоміцы. Паводле іх звестак, у 2024 годзе можна чакаць антырэкорду: тэмпы росту сусветнага ВУП у першай палове гэтага дзесяцігоддзя будуць самымі нізкімі за апошнія 30 гадоў.
«З аднаго боку, сітуацыя ў сусветнай эканоміцы зараз лепшая, чым год таму, у сувязі са зніжэннем рызыкі глабальнай рэцэсіі, у асноўным, дзякуючы стабільнасці эканомікі ЗША. Аднак нарастанне геапалітычнай напружанасці ў бліжэйшай перспектыве можа стварыць для сусветнай эканомікі новыя пагрозы», – адзначаюць у структуры.
На фоне запаволення росту шматлікіх буйных эканомік, застою ў сусветным гандлі і пагаршэнні доступу да фінансаў, аналітык бачаць менш пазітыву для краін, якія развіваюцца. «Чакаецца, што тэмпы росту сусветнага гандлю ў 2024 годзе складуць толькі палову ад сярэдняга паказчыка за дзесяць гадоў, якія папярэднічалі пандэміі», – паказваюць аўтары дакладу. Тэмпы росту сусветнай эканомікі апусцяцца да 2,4 працэнта ў параўнанні з 2,6 працэнта ў мінулым годзе.
Ася Саковіч, belsat.eu