Прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура падпісаў указы аб улучэнні ў склад рэспублікі Гаяны-Эсэкібы – рэгіёну ў суседняй краіне. Афіцыйна гэта дакументы «аб развіцці і абароне новага венесуэльскага штату», паведамляецца ў акаўнце палітыка ў сацсетцы X.
Адразу некалькі дэкрэтаў прэзідэнт Венесуэлы падпісаў на мітынгу ў Каракасе. Як піша мясцовае выданне «Últimas Noticias», Нікаляс Мадура назваў Гаяну-Эсэкібу «святою зямлёю» і заклікаў народ «асудзіць правых, якія насуперак нацыянальным інтарэсам перайшлі на бок Гаяны».
Сваймі ўказамі палітык стварыў «нацыянальную вярхоўную камісію абароны Гаяны-Эсэкібы», сфармаваў філіял дзяржаўнай венесуэльскай нафтагазавай кампаніі ў рэгіёне, зацвердзіў новую мапу Венесуэлы і прызначыў вайскоўца – кіраўніка «новага штату».
3 снежня ў Венесуэле адбыўся рэферэндум аб анексіі часткі тэрыторыі суседняй Гаяны, і, паводле звестак уладаў, гэтае рашэнне падтрымалі 95 % выбарнікаў. Праз тры дні Мадура абвесціў багатую на нафту Гаяну-Эсэкібу новым штатам Венесуэлы.
Пасля гэтага Гаяна прывяла свае войскі ў павышаную гатовасць і звярнулася ў Раду бяспекі ААН з просьбай умяшацца ў сітуацыю, якая пагражае дэстабілізацыяй усяго рэгіёну.
Свае войскі да мяжы з Венесуэлай пачала сцягваць і Бразілія, бо ў выпадку агрэсіі венесуэльскія войскі праз асаблівасці ландшафту змогуць трапіць у Гаяну-Эсэкібу толькі праз бразільскую тэрыторыю.
Сцяпан Кубік belsat.eu