Пандэмія каронавіруса і вайна ва Украіне моцна ўдарылі па цэнах на харчы. І калі з пандэміяй больш-менш разабраліся, то расейская агрэсія супраць Украіны не толькі не спыняецца, але і стварае новыя праблемы, якія могуць ударыць па найбяднейшых краінах.
Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO) штомесяц абнаўляе глабальны індэкс цэнаў на харчы (Food Price Index). Да нядаўна здавалася, што гэтыя цэны выпраўляюцца: пасля скачка ў 2022 годзе яны ў канцы вясны-2023 дасягнулі ўзроўню вясны-2021. Каб вярнуцца на дапандэмійны ўзровень, такімі тэмпамі трэба было ісці менш за год.
Ды ў ліпені-2023 цэны крыху выраслі – на 1,3 %. Як лічыць FAO, гэты рост быў звязаны са зрывам збожжавай угоды: з 20 ліпеня Расея пагражае страляць па караблях, якія ідуць па Чорным моры ва ўкраінскія парты, а праз тыя парты Украіна экспартавала нямала збожжа ў трэція краіны. Ці доўгатэрміновы гэты эфект, FAO не прадказвае.
Страляе Расея пакуль не па караблях, а па ўкраінскіх партах. Неўзабаве пасля пагрозаў Расеі Уладзімір Пуцін зладзіў у Маскве саміт з краінамі Афрыкі ды атрымаў ад іх заклікі вярнуцца да збожжавай угоды. Украіна ж працягвае экспартаваць збожжа, не зважаючы на абстрэлы, і бярэ рэванш на моры, а гэты рэванш можа змяніць у лепшы ці горшы бок цэны на паліва.
У выніку ў ліпені выраслі цэны на раслінныя алеі (Украіна – важны экспарцёр сланечнікавага алею), але гэта крыху кампенсавалася падзеннем цэнаў на цукар, збожжа, кукурузу, малочныя і мясныя прадукты. Ды калі збожжа агулам патаннела, цэны на пшаніцу ўпершыню за дзевяць месяцаў выраслі праз тую самую сарваную збожжавую ўгоду. А цэны на рыс выраслі да самага высокага ўзроўню з верасня 2011 года праз забарону Індыі экспартаваць палову свайго рысу.
Але вайна ва Украіне – не адзіная пагроза цэнам на харчы. Змена клімату можа прыносіць непрыемныя неспадзяванкі.
Гэтак, кліматолагі не вераць сваім вачам, калі бачаць тэмпературы ў Паўднёвай Амерыцы: у Чылі даходзіць да +38 °C, а там цяпер мае быць зіма. У Паўднёвай Карэі праз хвалю спёкі ўжо значна падскочылі цэны на прадукты сельскай гаспадаркі. Саранча зноў і зноў атакуе Казахстан і Расею.
Планета не развальваецца і канец свету не надыходзіць, але змена клімату шмат дзе можа рабіць неспрыяльнымі ўмовы для звыклай сельскай гаспадаркі і весці да росту цэнаў – пэўным рэгіёнам давядзецца прыстасоўвацца да новых і раптоўна зменлівых умоваў.
Алесь Наваборскі belsat.eu