8 красавіка ў расейскай Вязьме абрынуўся мост, перагарадзіўшы галоўную чыгуначную магістраль паміж Беларуссю і Расеяй. Цягнікі пусцілі альтэрнатыўным маршрутам, а пасажыры хуткасных электравікоў «Ластаўка» вымушаныя рабіць перасадку на аўтобусы.
Абломкі мосту ў Вязьме пашкодзілі рэйкі, кантактны провад ды іншую інфраструктуру. На месцы здарэння працягваецца ліквідацыя наступстваў. Як паведамляе Маскоўская чыгунка, працуюць чатыры адмысловыя аднаўленчыя цягнікі, 20 адзінак тэхнікі і больш за 300 асобаў.
Кіраўнік Смаленскай вобласці Васіль Анохін заявіў, што абрынуліся 6 з 7 пралётаў – аднаўляць няма чаго, там пабудуць новы пуцеправод.
Мост, што абрынуўся, перагарадзіў галоўную чыгуначную магістраль паміж Беларуссю і Расеяй. Там штодня праходзіць ад 14 да 23 пасажырскіх цягнікоў і 10–15 параў грузавых, падлічыла суполка «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».
Пасажырскія цягнікі для чыгуначнікаў – галоўны прыярытэт, таму былі хутка знойдзеныя альтэрнатыўныя варыянты.
Хуткасныя электравікі «Ластаўка», што ходзяць паміж Менскам і Масквою, спыняюцца ў Смаленскай вобласці. Пасажыраў перасаджваюць у аўтобусы, давозяць да наступнай чыгуначнай станцыі і зноў саджаюць у цягнік. Аўтобусы курсуюць паміж Вязьмаю і Сямлёвам.
Онлайн-табло станцыі «Менск-Пасажырскі» сведчыць, што такі шлях забірае на 3 гадзіны болей, чымся звычайна. Менавіта з такім спазненнем у беларускай сталіцы чакаюць «Ластаўку», якая мелася прыбыць а 13:10.
Астатнія цягнікі пусцілі ў аб’езд праз Калужскую вобласць Расеі:
Такі вымушаны маршрут вымагае дадатковага часу для падарожжа. Напрыклад, цягнік № 27 Масква – Берасце прыбыў сёння ў Менск са спазненнем на 4 гадзіны, цягнік № 1 Масква – Менск адхіліўся ад раскладу на 4 гадзіны 20 хвілінаў, а цягнік № 3 Масква – Берасце – на 4 гадзіны 45 хвілінаў.
Колькі часу давядзецца трываць такія нязручнасці, невядома. У кантакт-цэнтры Беларускай чыгункі кажуць, што ўсё залежыць ад расейскага боку, а там аніякай інфармацыі на гэты конт, маўляў, пакуль не даюць:
«Проста цяпер такой інфармацыі няма. Гэта залежыць не ад Беларускай чыгункі, чакаем на інфармацыю з боку Расеі. Цягнікі будуць адпраўляцца, магчымыя адхіленні ад графіку, імаверна, падвоз будзе на тэрыторыі Расеі наладжаны ці расчысцяць адзін пуць. На гэты момант такой інфармацыі ў нас няма пакуль што».
Сцяпан Кубік belsat.eu