У ЗША сканаў апошні з пракурораў, які браў удзел у Нюрнбэргскім працэсе, паведамляе газета «The New York Times». Бэнджаміну Фэрэнцу было 103 гады. На судзе ён быў на баку абвінавачання ў справе вайскоўцаў нацысцкай Нямеччыны, адказных за масавыя забойствы мірных жыхароў на акупаваных тэрыторыях.
Падчас суда ў Нюрнбэргу Бэнджамін Фэрэнц быў пракурорам арміі ЗША на баку абвінавачання ў асобным працэсе супраць айзанцгрупаў – фармаванняў нацысцкай Нямеччыны, якія забівалі мірных жыхароў на акупаваных тэрыторыях.
Фігурантаў было 22, у тым ліку 6 генералаў. Іх абвінавачвалі, сярод іншага, у забойствах у Бабіным Яры ў Кіеве і расстрэлах габрэяў з Рыжскага гета ў 1941 годзе.
Потым Фэрэнц успамінаў: «Нюрнбэрг навучыў мяне, што стварэнне свету талерантнасці і спагады будзе доўгай і цяжкай задачай.
І я таксама даведаўся, што калі мы не аддамо сябе распрацоўванню эфектыўнага сусветнага права, той жа жорсткі менталітэт, які зрабіў магчымым Галакост, можа аднойчы знішчыць увесь чалавечы род».
Бэнджамін быў адным з тых, хто прасоўваў ідэю міжнароднага трыбуналу. Шматгадовая справа ягонага жыцця часткова зрэалізавалася са з’яўленнем Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе.
Бэнджамін Фэрэнц памёр у пятніцу 7 красавіка ў доме для старых у Флорыдзе.
Сяргей Крот belsat.eu