Міністэрства юстыцыі Расеі выключыў з рэестру філіялаў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў і замежных некамерцыйных НДА 15 арганізацый, у тым ліку Фонд Карнэгі, «Amnesty International» і «Human Rights Watch».
Гэтае рашэнне азначае, што офісы прадстаўніцтваў гэтых арганізацый у Расеі павінны быць зачыненыя.
Што стала прычынай закрыцця прадстаўніцтваў, улады не тлумачаць. У паведамленні Міністэрства юстыцыі гаворыцца толькі, што арганізацыі выключаныя з рэестру «ў сувязі з выяўленымі парушэннямі дзейнага заканадаўства».
Паводле расейскага заканадаўства, прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай няўрадавай арганізацыі можа быць выключанае з рэестру, калі не падасць інфармацыі аб фінансаванні або калі міністэрства палічыць яе дзейнасць не адпаведнай заяўленым мэтам.
Медыяменеджар «Amnesty International» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Аляксандр Арцем’еў паведаміў «Бі-Бі-Сі», што гэтая праваабарончая арганізацыя ў Расеі не забароненая і будзе працягваць працу. Нагадаў, што ў некаторых краінах былога СССР: Беларусі, Таджыкістане, Казахстане і Азербайджане – у арганізацыі таксама няма прадстаўніцтва, але яна праводзіць кампаніі для змены заканадаўства, барацьбы з хатнім гвалтам і г. д.
Аднак цяпер супрацоўнікі маскоўскага офісу «Amnesty International» згубяць афіцыйную працу і заробак.
На пытанне, што азначае закрыццё офісу арганізацыі для людзей, экс-дырэктарка маскоўскага прадстаўніцтва Наталля Звягіна патлумачыла, што цяпер будзе менш магчымасцяў наўпрост звярнуцца да «Amnesty International» на расейскай мове.
«Але калегі з арганізацыі ва ўсім свеце пільна сочаць за парушэннем правоў чалавека ў Расеі, і гэтая ўвага слабець не будзе», – запэўніла яна.
Офіс «Amnesty International» у Расеі працаваў цягам 29 гадоў, Фонд Карнэгі – 28 гадоў. Міністэрства юстыцыі Расеі выключыла з рэестру яшчэ 15 НДА, у тым ліку амерыканскую праваабарончую арганізацыю «Human Rights Watch», якая расследуе і асвятляе парушэнні правоў чалавека ў больш чым 100 краінах свету. З ёй супрацоўнічаюць каля 450 экспертаў з 70 краінаў.
ЗК belsat.eu