Рады «Грузінскай мары», «Сілы народу» і парламенцкай большасці выступілі з супольнай заявай, у якой паведамілі, што адклікаюць спрэчны законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву».
Рады «Грузінскай мары», «Сілы народу» і дэпутаты парламенцкай большасці пастанавілі адклікаць законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву».
«Мы бачым, што прыняты законапраект выклікаў нязгоду ў грамадстве. Машына хлусні змагла выставіць праект у негатыўным святле і ўвесці ў зман пэўную частку грамадскасці. На законапраект быў навешаны фальшывы ярлык «расейскага права», а яго прыняцце ў першым чытанні ў вачах часткі грамадскасці падавалася як адыход ад еўрапейскага курсу», – гаворыцца ў заяве партыяў.
Палітыкі абяцаюць пазней растлумачыць сутнасць гэтага закону.
7 сакавіка парламент Грузіі прыняў у першым чытанні законапраект аб замежных агентах, што выклікала хвалю пратэстаў у Тбілісі. Некалькі тысяч пратэстоўцаў сабраліся на галоўным праспекце Тбілісі каля будынку парламенту. Для разгону мітынгоўцаў былі выкарыстаныя слезацечны газ, вадамёт ды сотні сілавікоў.
Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі паведаміла пра пачатак расследавання ў крымінальнай справе на падставе фактаў гвалтоўных інцыдэнтаў, што меліся на акцыі пратэсту 7 сакавіка ў Тбілісі каля будынку парламенту. 66 асобаў былі затрыманыя паводле адміністратыўных артыкулаў.
Як заяўляюць грузінскія ўлады, каля 50 працаўнікоў МУС атрымалі раненні, некалькім з іх спатрэбілася хірургічнае ўмяшанне. Таксама пацярпелі і цывільныя асобы.
Алена Аляксандрава belsat.eu