Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі, які заснавалі 9 жніўня летась, агучыў вынікі працы за 6 месяцаў. Справаздача ахоплівае ўсе сферы дзейнасці кабінету.
Адказны ў Аб’яднаным пераходным кабінеце за прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне Валер Кавалеўскі па выніках 6-ці месяцаў працы адзначае, што падрыхтаваны макет агульнаграмадзянскага пашпарту новай Беларусі. Цяпер вядзецца праца аб прызнанні гэтага дакументу.
На працягу апошніх 6-ці месяцаў прадстаўнікі кабінету Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Аляксандр Азараў і Валер Сахашчык наведвалі Украіну. Палітыкі сустракаліся з прадстаўнікамі дзяржустановаў, прынялі удзел у беларуска-ўкраінскім форуме ў Львове.
За гэты час разам з Нацбанкам Украіны распрацавалі магчымасць спрошчанай падачы дакументаў для разблакавання рахункаў беларускіх грамадзян ва ўкраінскіх банках.
За сілавы блок кабінету адказваюць прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык і прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў.
Валер Сахашчык сфармаваў каманду. Распачаў матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.
Адказвае ў кабінеце за санкцыі супраць рэжыму Беларусі прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка.
Палітык выступае за тое, каб санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі былі аналагічныя тым, якія ўводзяць супраць Расеі.
Распрацаваныя прапановы па пашырэнні санкцыяў. Прадстаўнік Кабінету прапануе ўвесці персанальныя санкцыі ў дачыненні да 340 асобаў, якія служаць рэжыму.
Акрамя таго Павел Латушка разам з Аляксандрам Азаравым накіравалі ўладам Літвы, Чэхіі, Украіны дакументы з абгрунтаваннем неабходнасці прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі.
МЗС Польшчы, Літвы, Чэхіі, ЗША, Швецыі, Канады атрымалі абгрунтаванне магчымасці прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў 1984 году
Прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка запусціў праект «Кадравы рэзерв для новай Беларусі». Праект прадугледжвае падрыхтоўку неабходных кадраў для транзітнага перыяду.
У Кабінеце адказная за дапамогу палітвязням прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.
Дзякуючы намаганням прадстаўнікоў Кабінету распачалі працу па стварэнні міжнароднага Фонда для рэабілітацыі рэпрэсаваных.
Больш эфектыўнае падтрыманне атрымалі 15 палітвязняў.
Распачалі падрыхтоўку да магчымых перамоваў з рэжымам па пытанні вызвалення палітзняволеных.
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык дамовілася з уладамі Польшчы аб прызнанні беларускіх дыпломаў. Мінадукацыі і навукі Польшчы падтрымала стварэнне сетак беларускіх школ выходнага дня. Польскія ўлады пашырылі падтрыманне рэпрэсаваных беларускіх настаўнікаў, выкладчыкаў і навучэнцаў.
Заснаваны Інстытут беларускай кнігі.
Таксама створаныя працоўныя групы, якія займаюцца распрацаваннем транзітнага перыяду ў адукацыі для новай Беларусі.
Алена Аляксандрава belsat.eu