Новая амбасадарка Швейцарыі ў Беларусі Крысціна Хонэгер-Залатухін 9 лютага ўручыла копіі даверчых граматаў міністру замежных справаў Беларусі Уладзіміру Макею, паведамляе МЗС.
Уручэнне даверчых граматаў азначае фактычны пачатак дыпламатычнай місіі ў краіне, зазначае Reform.by. Аднак афіцыйна місія пачынаецца пасля ўручэння граматаў кіраўніку дзяржавы.
МЗС зазначае, што сустрэча Хонэгер-Залатухін і Макея адбылася напярэдадні 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных дачыненняў паміж Беларуссю і Швейцарыяй.
Раней Міністэрства замежных справаў Швейцарыі пацвярджала інфармацыю пра тое, што амбасадар краіны пасля прыбыцця ў Беларусь уручыць даверчыя граматы Лукашэнку.
«Федэральны дэпартамент замежных справаў пацвярджае, што новы амбасадар уручыць даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы, як гэта прынята ў дыпламатыі большасці краінаў. Швейцарыя не каментуе легітымнасці ўрадаў, яна толькі прызнае дзяржавы. Таму ўручэнне даверчых граматаў не ёсць для Швейцарыі актам прызнання», – прыводзіў партал Zerkalo.io словы МЗС Швейцарыі.
Паведамлялася таксама, што прычынай рашэння ўручыць даверчыя граматы Лукашэнку можа быць жаданне швейцарскага МЗС дапамагчы палітзняволенай беларусцы са швейцарскім грамадзянствам Наталлі Хершэ. Наталлю затрымалі ўвосень 2020 года на адным з жаночых маршаў у Менску і асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за тое, што яна сарвала балаклаву з амапаўца.
«Мы прыйшлі да высновы, што зможам лепш абараніць свае інтарэсы, маючы на месцы амбасадара. Дзеля гэтага трэба ўручыць даверчыя граматы. Гэта дасць нам магчымасць выказаць сваю заклапочанасць непасрэдна Лукашэнку», – цытавала намесніка дзяржаўнага сакратара МЗС Швейцарыі Ёганэса Матыясі выданне Der Bund.
ГГ, belsat.eu